З 1993 года Каталіцкі Касцёл штогод адзначае 11 лютага Сусветны дзень хворага. Гэта яшчэ адна незвычайна каштоўная душпастырская ініцыятыва Яна Паўла ІІ.
Гэтая ініцыятыва была водгукам на просьбы і прапановы з розных бакоў хаця б адзін дзень у годзе прысвяціць асаблівым чынам тым, хто па фізічных ці духоўных прычынах чакае нашай дапамогі. Сёлета Сусветны дзень хворага будзе адзначацца ў 25-ы раз.
Ужо 50 гадоў нясе духоўную дапамогу хворым у шпіталях сястрa Стэлла Ядкоўскaя, назарэтанка. Яна – апостал шпітaляў Гроднa, што прыносіць нaдзею тым, хто яе не мaе.
Нельга прайсці абыякава каля цярпення
Сваё служэнне ў шпіталі сястра Стэлла пачала ў 1966 г., працуючы ў той час медсястрой. Тады яна была ўжо манахіняй, але ў бальніцы аб гэтым не ведалі. Выконваючы даручаныя ёй абавязкі, яна не толькі клапацілася аб тым, каб падаць пацыентам адпаведныя лекі, але і цікавілася іх духоўным жыццём. Калі нехта з іх хацеў прыняць сакрамэнты, сястра прыводзіла ў шпіталь святара.
Манахіня цалкам прысвяціла жыццё хворым і церпячым. Яна не можа абыякава праходзіць ля тых, хто церпіць, затрымліваецца ля кожнага шпітальнага ложка, найперш пытаючыся, ці не патрэбныя хворым святыя сакрамэнты.
Звычайны дзень сястры Стэллы пачынаецца вельмі рана. Пасля ранішніх малітваў, удзелу у святой Імшы і хуткага сняданку яна ідзе ў шпіталь. Апранае белы халат на свой манаскі габіт і абыходзіць усе паверхі і аддзяленні, каб даведацца, каму патрэбны святар, кажа пацыентам словы падтрымкі, запэўнівае ў малітве.
У гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі 200 палат. У тыдзень манахіня наведвае 8 бальніц – кожны дзень іншую. Не раз здараецца так, што яна павінна наведаць дзве ў дзень, бо, як кажа сама, дзён ёй не хапае. “Калі я ўдзельнічаю ў духоўных разважаннях, то павінна нярэдка ісці да маіх хворых у нядзелю альбо нават вечарам пасля духоўных разважанняў, бо нельга ж пакінуць людзей”, - дадае сястра.
Малітва за духоўна згубленых
Кожны дзень сястры Стэллы выглядае амаль аднолькава, акрамя нядзелі. У манаскі дом яна вяртаецца каля 18.00, аднак думкамі і сэрцам застаецца са сваімі хворымі. Яна пачынае маліцца ў інтэнцыях тых людзей, каго сустракала на працягу дня. Манахіня моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, узгадвае і ўсіх тых, хто, рыхтуючыся да сур’ёзнай аперацыі, прасіў яе аб малітве, і тых, якія ляжаць у коме. Сястра прыносіць усё гэта ў малітве Богу – найлепшаму Лекару, які дасканала ведае, што патрэбна чалавеку ў дадзеную хвіліну.
Асабліва памятае сястра і аб тых людзях, якія духоўна згубіліся, падчас сустрэч у шпіталі на пытанне, ці патрэбна ім сакрамэнтальная паслуга, адказваюць, што яны няверуючыя, што Бог ім не патрэбны і яны не хочуць бачыць святара.
„Калі хтосьці мне кажа, што няверуючы, то такі чалавек надоўга застаецца ў маёй памяці. Тады я вельмі перажываю аб тым, каб ён здолеў перад смерцю паяднацца з Богам. У малітве ўзгадваю гэтага чалавека і прашу Бога, каб даў яму святло веры”, - дадае с. Стэлла.
Паяднанне чалавека з Богам – вялікі дар Божай любові
Штодзённае служэнне хворым прыносіць сястры радасць. Аднак кожная сустрэча з хворым, які просіць аб сакрамэнце споведзі, з’яўляецца для яе вялікім дарам Божай любові.
„Для мяне асабіста вялікая радасць, калі чалавек яднаецца з Богам, бо гэта для яго вялікая Божая ласка. І нават калі такі чалавек не вяртаецца да здароўя, а з прычыны нейкай сур’ёзнай хваробы памірае, - я шчаслівая і спакойная, бо ён атрымаў святыя сакрамэнты, дакрануўся да Бога”, - адзначае сястра і дадае, што прысутнасць у шпіталі ці хоспісе духоўнай асобы – вялікая духоўная падтрымка для хворых.
Сястра Стэлла Ядкоўская дала пачатак таксама шпітальным капліцам у гродзенскіх бальніцах, хоць іх стварэнне было нялёгкай справай. “У шпіталі павінна быць святая Імша, павінна быць вылучана спецыяльнае месца для малітвы. Людзям патрэбны Бог!” – так казала манахіня кіраўніцтву бальніц. Сёння ў горадзе над Нёманам ёсць чатыры такія капліцы, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, куды пацыенты на працягу дня могуць прыйсці, а таксама ўдзельнічаць у Імшы. Гэтыя капліцы – асаблівае месца, дзе чалавек сустракае Бога. Тыя, каму дазваляе стан здароўя, прыходзяць сюды на малітву. Асабліва практыкуецца ў гэтых месцах Вяночак да Божай Міласэрнасці, які моляцца хворыя. Гэта асабліва важна, калі чалавек у час цярпення мае патрэбу ў Божай падтрымцы.
Няхай Сусветны дзень хворага, які адзначаецца ў гэтым годзе ўжо ў 25-ы раз, нагадае ўсім аб церпячых братах і навучыць чуласці да іншага чалавека, а церпячых няхай навучыць пакоры, навучыць цалкам давяраць усе свае штодзённыя клопаты Пану.
Кс. Юрый Марціновіч