Праект касцёла і прылягаючай да яго тэрыторыі распрацавалі для гродзенскай парафіі Святога Духа на Альшанцы. Акрамя святыні ў план ўваходзяць стацыі Крыжовага шляху, званіца, парафіяльны дом і паркоўка.
Задума належыць гродзенскаму архітэктару Аляксандру Штэну, які ў свой час падрыхтаваў праекты касцёла ў Мастах (парафія МБ Тройчы Цудоўнай), Лідзе (парафія Унебаўзяцця НПМ) і Гродне (парафія МБ Вострабрамскай). У распрацоўцы праекта для парафіі на Альшанцы прымаў удзел "Гроднапрамбуд".
"На дадзены момант праект праходзіць адпаведную экспертызу, пасля чаго неабходна будзе атрымаць дазвол на пабудову святыні. Калі пройдзем гэтыя этапы, можна прыступаць да ўзвядзення касцёла", - адзначае кс. Павел Салабуда, пробашч парафіі.
Святыні звычайна будуюцца на ахвяраванні вернікаў. Усе, хто жадае аказаць пасільную дапамогу парафіі на Альшанцы, могуць пералічыць грашовыя сродкі на разліковы рахунак рэлігійнай абшчыны "Парафія Святога Духа".
***
У маі 2015 г. у мікрараёне Альшанка біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва касцёла. Пакуль у мясцовых вернікаў ёсць толькі невялічкая капліца, якую пабудавалі за ўласныя сродкі.
АМ