З 19 па 26 лютага айцы рэдэмптарысты з Гродна правялі ў Навагрудку святыя місіі, да якіх мясцовыя вернікі рыхтаваліся на працягу года. Апошні раз святыя місіі ў парафіі св. Міхала Арханёла праходзілі чвэрць стагоддзя назад.
Падзея на працягу ўсяго тыдня збірала шматлікіх вернікаў. Місіянеры разам з парафіянамі разважалі на тэмы: “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус мой Пан” і іншыя. Айцы наведалі навучэнцаў аграрнага, гандлёва-эканамічнага каледжаў і прафесійнага аграрнага ліцэя. Зладзілі адмысловыя сустрэчы для школьнікаў і іх бацькоў. У рамках святых місій адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, у якіх прыняло ўдзел больш за 70 сямейных пар.
"Падчас святых місій я адчуў, што парафія - гэта адзіная сям’я. І зразумеў: нішто так моцна не аб'ядноўвае людзей, як малітва", - адзначыў удзельнік рэкалекцый Андрэй Луневіч.
У апошні дзень місій перад касцёлам быў усталяваны вялікі місійны крыж з памятнай табліцай, які будзе пастаянна нагадваць пра гэтую важную падзею ў гісторыі парафіі.
"Пасля завяршэння місій у Навагрудку стала сумна! Чарговы дзень з жалем усведамляю, што раніцой няма патрэбы спяшацца. Я не прапусціла ніводнай службы і шмат пра што даведалася дзякуючы казанням айцоў. Дзякуй кс. пробашчу Юрыю Жэгарыну, які запрасіў да нас місіянераў і рыхтаваў нас да гэтай сустрэчы. Дзякуй Богу, што парафіяльныя місіі ўзбагацілі духоўную гісторыю Навагрудка", - падзялілася ўражаннямі Галіна Петухоўская, удзельніца святых місій.
Тэкст: Алена Міхневіч
Фота: Віктар Мацкевіч, Жанна Нагарновіч, Артур Аскірка, Яўген Чарнецкі