1 лютага ў Гродне адбылася сустрэча законных сясцёр і айцоў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца 2 лютага.
Сустрэча пачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім). Прысутныя паслухалі канферэнцыю, маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гэты дзень ён адзначыў трэцюю гадавіну прыняцця біскупскай сакры. У Імшы прымаў удзел і Гродзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч.
Падтрымаць малітвай усіх кансэкраваных асобаў дыяцэзіі прыбылі шматлікія жыхары горада Гродна. Для іх гэта была таксама нагода малітоўна падзякаваць усім тым, хто сваім прыкладам і апостальскай руплівасцю паказвае ім шлях да неба.
Сведчанне, што непадзельная любоў да Бога з’яўляецца магчымай
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Сутнасць кансэкраванага жыцця, незалежна ад форм, у якіх яно рэалізуецца, заўсёды застаецца нязменнай. Гэта поўны дар, ахвяра з самога сябе, якую манах або манахіня складае з любові да Пана Езуса, а ў Ім – да кожнага чалавека. Гэтая ахвяра з сябе рэалізуецца праз радыкальнае практыкаванне евангельскіх парадаў: убоства, чыстасці і паслухмянасці”.
Іерарх дадаў, што, уступаючы на гэты асаблівы шлях наследавання Езуса Хрыста, “кансэкраваныя асобы даюць сведчанне, што такая поўная, выключная, непадзельная любоў да Бога з’яўляецца магчымай”.
Досвед любові паміж Хрыстом і кансэкраванай асобай – вялікі Божы дар
“Гэта праўда, што ісці дарогай евангельскіх парадаў цяжка, што гэта звязана з ахвярай і адрачэннем, што робіць кансэкраваную асобу падобнай да Хрыста, які нясе свой крыж, - сказаў гродзенскі ардынарый. - Але досвед асаблівай, адзінай у сваім родзе сувязі любові паміж Хрыстом і кансэкраванай асобай – гэта такі вялікі, такі цудоўны Божы дар, што ён напаўняе сэрца манаха ці манахіні глыбокай радасцю, унутраным супакоем і сапраўдным шчасцем”.
Біскуп падзякаваў усім кансэкраваным асобам, якія ахвярна служаць у Гродзенскай дыяцэзі, за іх “прыгожае сведчанне веры”, якое яны складаюць сваёй прысутнасцю і служэннем.
“Няхай Езус Хрыстус, якому вы верна служыце як свайму Абранніку, шчодра вас благаславіць і адорыць шматлікімі ласкамі. Няхай Марыя, верная і пакорная Слуга Панская, будзе вам надзейнай Кіраўніцай на шляхах манаскага жыцця і вашага служэння ў Касцёле”, - пажадаў іерарх.
Падчас святой Імшы ўсе кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. Такім чынам яны быццам нанова аднавілі сваю любоў да Бога, якому цалкам даверылі сваё жыццё, а таксама да Касцёла, які стаў іх Маці. Аднаўляючы абяцанні, яны запэўнілі, што далей будуць з вялікай руплівасцю служыць Касцёлу і ўсім вернікам.
Сёлета адзначаецца 20 гадоў з таго часу, як з волі Святога Айца Яна Паўла ІІ свята Ахвяравання Пана стала таксама Днём кансэкраванага жыцця.
У першым пасланні на ўстанаўленне гэтага дня Ян Павел ІІ пісаў, што яно мае трайную мэту. Па-першае, святкаванне Дня кансэкраванага жыцця вынікае з жадання праслаўлення Пана Бога за цудоўны дар гэтага асаблівага паклікання, якое ўзбагачае незлічонымі харызматамі ўсю супольнасць Касцёла.
Па-другое, Дзень кансэкраванага жыцця павінен спрыяць таму, каб увесь Божы народ яшчэ лепш спазнаў гэтую асаблівую форму жыцця і адорваў кансэкраваных асобаў яшчэ большай павагай і ўдзячнасцю.
Па-трэцяе, самі кансэкраваныя асобы запрошаны дзякаваць за вялікія рэчы, якія здзейсніў у іх Бог, нанова адкрываць прыгажосць уласнага паклікання і даваць сведчанне, што Бог, які ёсць Любоў, здольны заспакоіць усе прагненні чалавечага сэрца.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: А. Марцішэўская