8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Гродзенскую абласную клінічную бальніцу. Іерарх сустрэўся з медперсаналам, пацыентамі і ўзначаліў святую Імшу ў шпітальнай капліцы.
Падчас літургіі біскуп асаблівым чынам маліўся за ўсіх хворых і церпячых, у прыватнасці за пацыентаў абласной бальніцы.
Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Генрык Яблонскі, распавёўшы ў ёй аб тым, што азначае Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар адзначыў, што Марыя, якая была народжана з зямных бацькоў, яшчэ да свайго нараджэння была ачышчана Духам Святым.
“Яшчэ да нараджэння Езуса Марыя не мела ніводнага граху, была незалежная ад уплыву зла”, - дадаў кс. Генрык Яблонскі.
Святар адзначыў, што Марыя праз усё сваё зямное жыццё была вернай Пану Богу, заўсёды згаджалася з Яго святой воляй, а таксама заўсёды стараецца быць блізка да чалавека, каб бараніць яго ў цяжкія хвіліны жыцця. “Марыя не можа быць абыякавай да нашага жыцця, да нашых хваробаў”, – сказаў кс. Яблонскі і заахвоціў у гэтую ўрачыстасць даверыць сваё жыццё Богу, каб праз усе хваробы і цярпенні ачышчаць сваю душу ад усялякага граху.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім урачам і санітарам за іх штодзённы клопат аб хворым чалавеку, які мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Усім пацыентам шпіталя іерарх пажадаў Божага благаслаўлення і заклікаў шукаць падтрымкі ў Бога, які заўсёды дае чалавеку любоў і ласку.
Таксама біскуп склаў віншаванні з нагоды імянін сястры назарэтанцы Стэле, якая з вялікай адданасцю служыць усім хворым горада, штодзённа наведваючы розныя шпіталі Гродна.
Кс. Юрый Марціновіч