13 лістапада ў гродзенскім касцёле імя Святога Франіцшка Ксаверыя была цэлебравана ўрачыстая св. Імша з нагоды заканчэння Года Міласэрнасці. Разам з тым прайшло закрыццё Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года з’яўляліся Брамамі Міласэрнасці, праходзячы праз якія, можна было атрымаць адпуст.
Літургію, якую спевам упрыгожыў хор "Cantate Domino", узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх разважаў над бязмежнай міласцю Усемагутнага:
- Падчас перажывання Юбілейнага Года мы мелі магчымасць спаткаць міласэрнага Айца, які заўсёды гатовы дараваць новым і нечаканым для нас спосабам і ніколі не стамляецца рабіць гэта для тых, хто прыходзіць да Яго ў пакоры сэрца.
Ардынарый таксама заклікаў сабраных практыкаваць міласэрнасць у сваім штодзённым жыцці:
- Умацаваныя ў веры у Божую міласэрнасць падчас заканчэння юбілею, мы павінны прайсці праз жыццё як верныя сведкі Хрыста, памятаючы пра тое, што наша стаўленне да бліжніх, асабліва да тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе, з'яўляецца найлепшым іспытам глыбіні нашай веры і шчырасці любові да Бога.
На заканчэнне св. Імшы біскуп Аляксандр асвяціў памятны знак Года Міласэрнасці, які быў загадзя ўмураваны ў сцену касцёла каля крапельніцы.
Завяршэнне Юбілейнага Года ў каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету.
Тэкст: А. Марцішэўская
Фота: В. Сяліцкая