З 16 па 23 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) адбыліся святыя місіі. Іх праводзілі айцы рэдэмптарысты: a. Анджэй Ядкоўскі і a. Валерый Мазюк. Апошні раз святыя місіі ў гэтай парафіяльнай супольнасці праходзілі ў 2000 годзе, таму для парафіян гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Падчас місій адбываецца аднаўленне веры, вернікі маюць магчымасць больш навярнуцца да Бога.
Падчас гэтых васьмі дзён праводзіліся навукі для дзяцей, моладзі, бацькоў, пажылых людзей і хворых. Кожны дзень у малітоўных сустрэчах удзельнічала вялікая колькасць парафіян і жыхароў Гродна, якія мелі глыбокае прагненне аднаўлення сваёй веры.
Праграма місій прадугледжвала дзень пакуты, калі пробашч парафіі а. Антоні Пажэцкі OFMConv ляжаў крыжам каля алтара, каб перапрасіць Бога за свае грахі і грахі парафіі. Таксама святар папрасіў прабачэння за свае грахі ў парафіян. Шмат у каго гэта выклікала слёзы на вачах.
Падчас святых місій сужанцы парафіі мелі магчымасць аднавіць шлюбныя абяцанні. Хворыя вернікі былі ўмацаваныя сакрамантам намашчэння хворых.
У апошні дзень парафіяльных місій перад касцёлам быў асвечаны крыж у памяць аб місіях - відавочны знак, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную дату ў гісторыі парафіі. Усе вернікі, трымаючы у сваіх руках прынесеныя з дамоў крыжы з верай вызнавалі, што гаспадаром іх жыцця з'яўляецца Хрыстос. Айцы місіянеры заахвочвалі ўсіх удзельнікаў літургіі верна крочыць за Крыжом Езуса Хрыста, бо ён з'яўляецца знакам надзеі і збаўлення.
„Не бойцеся крыжа!”, – гэтыя словы прамовіў місіянер, які заахвоціў усіх сабраных мець адвагу ў кожным месцу і ў кожны час рабіць знак крыжа, тым самым вызнаючы сваю веру і даючы сведчанне прыналежнасці да Касцёла.
Айцец Валерый Мазюк падчас Імшы на заканчэнне місій заклікаў вернікаў абвяшчаць Божае Слова сваім родным, суседзям, жыць паводле Божых запаведзяў і не саромецца сваёй веры. Місіянер адзначыў, што кожны хрысціянін праз прыняцце сакарманту хросту абавязаны абвяшчаць Евангелле ў сваёй супольнасці.
„Сённа Бог кажа кожнаму з вас ісці і абвяшчаць Божае Слова на ўвесь свет. Тваім светам з'яўляецца сям'я, у якой ты жывеш, месца, дзе працуеш ці вучышся", - адзначыў а. Мазюк.
Для многіх вернікаў святыя місіі сталі часам, калі яны спыніліся на некалькі дзён і паглядзелі на пражытае жыццё праз прызму Евангелля, а таксама аднавілі і ўзмацнілі сваю веру. Гэта знако таго, што чалавек прагне нястомна развівацца і ісці наперад. За духоўны ўзрост і жаданне паглыбляць сваю веру прысутным на місіях падзякаваў пробашч парафіі. „Дзякую Пану Богу за дар кожнага чалавека і прагну, каб працягвалі верна трываць у Хрысце”, – дадаў а. Антоні Пажэцкі.
Напрыканцы Імшы вернікі атрымалі благаслаўленне ад айцоў рэдэмптарыстаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святых місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.
Місіі – гэта серыя духоўных практыкаванняў, навук і набажэнстваў, якія накіраваны на духоўнае адраджэнне парафіі.
Кс. Юрый Марціновіч