Сёлета душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі "OPEN" адзначае 10-гадовы юбілей свайго існавання. З гэтай нагоды ўвечары 29 верасня ў пабрыгіцкім касцёле адбылася св. Імша падзякі за дар супольнасці. У набажэнстве разам з душпастырам моладзі кс. Антоніем Грэмзам прынялі ўдзел шматлікія вернікі: цяперашнія члены супольнасці і яе "старажылы". Св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На распачацце ўрачыстасці кс. Антоні Грэмза наблізіў сабраным сутнасць душпастырства:
- "Open" - гэта розныя людзі: студэнты, працоўная моладзь, сем'і, нашыя сябры з Нігерыі, і менавіта тут мы вучымся падтрымліваць адзін аднаго ў розных сітуацыях і, нягледзячы ні на што, заставацца з Богам.
Падчас гаміліі біскуп Юзаф падкрэсліў важнасць дзейнасці моладзевай супольнасці:
- 10 гадоў - магчыма, гэта мала ў жыцці Касцёла ці чалавека, але гэта многа для дзеючага душпастырства. Вы адказныя за абвяшчэнне Евангелля. Як казаў Папа Францішак на Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве, не трэба быць "канаповымі" людзьмі, трэба дзяліцца радасцю, думаць пра бліжняга, памятаць, што ад вас пачынаецца новы свет. Кожны з вас з'яўляецца апосталам. Не забывайце пра гэта!
Пасля заканчэння набажэнства ўсе сабраліся на супольную сустрэчу, каб падзяліцца ўспамінамі і ўражаннямі ад 10 пражытых гадоў, поўных падзей. Падчас сптакання да моладзі ў чарговы раз звярнуўся іх духоўны кіраўнік кс. Антоні:
- "OPEN" - гэта ўсё маё жыццё, я люблю ўсіх вас, заўсёды памятаю пра кожнага ў малітве. Няхай мы ўсе маем свае абавязкі, сваё месца ў жыцці, духоўна мы з'яўляемся адным цэлым, мы разам адкрытыя на Бога і бліжняга.
Душпастырства каталіцкай моладзі "OPEN" пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы існуе з 2006 года. На сустрэчы, якія праводзіць супольнасць, могуць прыходзіць не толькі каталікі, але хлопцы і дзяўчаты іншай веры. Падчас сустрэч сабраныя размаўляюць на розныя тэмы, якія цікавяць моладзь. Гэта можа быць разважанне аб сэнсе жыцця, дыскусія аб тым, як будаваць свае планы на будучыню, абмеркаванне жыццёвай сітуацыі, якой падзяліўся ўдзельнік, сумесны пошук вырашэння праблемы. Запрашаем далучыцца да душпастырства!
В. Сяліцкая, А. Марцішэўская