Што значыць міласэрнасць у паўсядзённым жыцці настаўніка-каталіка? Як выпрошваць яе ў Бога для сябе і сваіх вучняў? Каму і як аказваць міласэрнасць самому? Пошукам адказаў на гэтыя пытанні займаліся ўдзельнікі шостай дыяцэзіяльнай сустрэчы выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў, якая адбылася 24 верасня ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Воранава.
Сустрэча распачалася канферэнцыяй аб каталіцкім разуменні міласэрнасці, якую прамовіў душпастыр настаўнікаў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоні Грэмза. Пасля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і споведзь - сустрэча з Богам і Ягонай міласэрнасцю. Затым была цэлебравана св. Імша, якую ўзначаліў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. У набажэнстве прынялі ўдзел таксама пробашч парафіі ў Воранава а. Андрэй Вітэк SAC, дзекан Радунскага дэканату ксёндз канонік Генрых Яблонскі і духоўны кіраўнік настаўнікаў ксёндз канонік Антоні Грэмза.
Асаблівую ўрачыстасць набажэнству надало ўзнёслае гучанне хору пад кіраўніцтвам Вячаслава Мацкевіча. У пацверджанне слоў пропаведзі пра тое, што ў Год міласэрнасці Бог асаблівым чынам адорвае любоўю і прабачэннем тых, хто гэтага шукае, за акном святыні разышліся хмары і касцёл напоўніўся сонечным святлом.
Пасля св. Імшы і кароткага перапынку на абед ўдзельнікі сустрэчы спаткаліся ў дыскусійных групах. Сабраныя мелі магчамасць бліжэй пазнаць адзін аднаго і абмеркаваць сведчанні міласэрнасці, пакінутыя святымі XX стагоддзя - Папам Янам Паўлам II, с. Фаўстынай Кавальскай і Маці Тэрэзай з Калькуты.
Як адзначыў адзін з удзельнікаў сустрэчы, "цягам навучальнага года часта не хапае часу, каб спыніцца і паразважаць над сваёй дарогай, над духоўнымі перажываннямі, над высокімі ідэаламі. Але сустрэча ў Воранава дапамагла зрабіць важны прыпынак у пачатку навучальнага года. Удалося атрымаць каштоўныя парады ад калегаў-настаўнікаў, выслухаць меркаванне Касцёла адносна працэсу выхавання, паразмаўляць з Богам у ціхай малітве і прыняць асабістыя рашэнні адносна вялікіх і малых спраў міласэрнасці".
Душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў г. Гродна ўзнікла ў 2001 годзе па ініцыятыве спадарыні Людмілы Гапонік і а. д-ра Андрэя Шчупала CSsR. З 2004 года душпастырам супольнасці з’яўляецца кс. Антоній Грэмза. У яе склад уваходзяць каля 40-а членаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у сустрэчах.
Уладзімір Ляўшук