Помнік пахавальнай архітэктуры ХІХ ст., што знаходзіцца на старых хрысціянскіх могілках, быў адноўлены дзякуючы намаганням пробашча парафіі св. Міхала Арханёла кс. Юрыя Жэгарына і мясцовых вернікаў.
Св. Імша з нагоды завяршэння рэстаўрацыйных прац адбылася ў свята Узвышэння Святога Крыжа. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел парафіяне, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжак і госці з польскага Вроцлава на чале з пробашчам кс. Янам Адамарчукам. Набажэнства ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Падчас гаміліі іерарх спачатку наблізіў сабраным вернікам гісторыю паходжання свята Узвышэння Святога Крыжа, а пасля паразважаў аб значэнні крыжа як сімвала хрысціянства.
“Крыж Хрыста з’яўляецца сімвалам нашай хрысціянскай веры, знакам мукі і адначасова трыумфу, бо дзякуючы яму смерць была пераможана і Хрыстовы крыж стаў для ўсяго свету паўсюдным знакам збаўлення”, - падкрэсліў кс. бп. Юрый.
Таксама біскуп Касабуцкі заахвоціў удзельнікаў набажэнства з пакораю браць і самаахвярна несці свой уласны жыццёвы крыж.
“Кожны з нас праз усё сваё жыццё нясе крыж, дадзены Богам. І вельмі часта здараецца, што нам спадарожнічаюць розныя спакусы, выпрабаванні, цяжкасці. Але, нягледзячы на іх, мы павінны годна ісці той дарогай, якую вызначыў Усявышні, і памятаць, што Валадарства Божае дасягаецца намаганнямі і высілкамі, а таксама бесперапыннай працай над сабой”, - адзначыў іерарх.
На заканчэнне св. Імшы вернікі разам са святарамі памаліліся ў інтэнцыі ўсіх памерлых, якія пахаваныя на мясцовых могілках. Затым кс. пробашч Юрый Жэгарын падзякаваў дабрачынцам, ахвярадаўцам і ўсім людзям добрай волі, якія спрычыніліся да аднаўлення капліцы.
Гражына Шалкевіч