14 верасня гродзенская парафія Адшукання Святога Крыжа (пабернардынская) перажывала адпустовую ўрачыстасць. Прыгожы вялікі крыж, размешчаны ў галоўным алтары святыні, надае гэтаму сакральнаму будынку веліч і стварае адпаведную малітоўную атмасферу.
У дзень парафіяльнага адпусту святыню наведалі шматлікія жыхары Гродна. Яны прыйшлі, каб ушанаваць дрэва крыжа, стаць перад крыжам, як Маці Божая Балесная і святы Ян, каб ачысціць свае сэрцы ад шуму, мітусні і штодзённых спраў, каб пачуць: "Вось Маці твая".
Свята Узвышэння Святога Крыжа з'яўляецца добрай нагодай, каб наблізіцца да крыжа і паспрабаваць зразумець яго пасланне.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх разважаў над глыбінёй паслання крыжа, а таксама адзначыў, што часам людзі ўспрымаюць яго як упрыгожванне, біжутэрыю або як бірульку для ключоў.
„Дзякуючы смерці Езуса Хрыста крыж перастаў быць сімвалам нянавісці, гвалту, жорсткасці і пагарды да чалавека. З моманту смерці Езуса мы глядзім на крыж інакш – як на знак найбольшай любові, прабачэння, міласэрнасці і прымірэння. З моманту смерці Хрыста крыж стаў знакам надзеі, сімвалам перамогі, пасланнем збаўлення і вечнага шчасця", - адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх дадаў, што „у крыжы Езуса Хрыста прыходзіць да нас Божая любоў - бясконцая, як бясконцым з'яўляецца Бог. Гэта любоў, якая збаўляе, аздараўляе і ператварае нашыя душы".
„У таямніцы Крыжа Пан Езус глядзіць на нас з любоўю і ўлівае ў нашыя сэрцы ўпэўненасць, што нават у самых вялікіх цярпеннях, у самых цяжкіх выпрабаваннях і ў самых балючых перажываннях мы ніколі не застаемся адны”, – сказаў біскуп Аляксандр.
На заканчэнне казання ён заклікаў усіх прысутных ніколі не сумнявацца ў сэнсе крыжа і ніколі не сумнявацца ў Тым, Хто быў на ім укрыжаваны дзеля нашага збаўлення.
Падчас св. Імшы дзве сястры з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта - с. Галіна Занеўская CSFN i с. Іерэмія Кулікоўская CSFN - дзякавалі Пану Богу за 25 гадоў манаскага жыцця. Гродзенская парафія Адшукання Святога Крыжа была менавіта тым месцам, дзе яны распачалі сваю законную фармацыю, а плябанія касцёла - месцам іх жыхарства.
Дзеці, моладзь і дарослыя павіншавалі юбілярак, жадаючы, каб яны працягвалі даваць свету сведчанне жывой веры і абвяшчалі іншым патрэбу прысвячэння свайго жыцця Богу.
На заканчэнне св. Імшы юбіляркі падзякавалі сваім бацькам і родным, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу і ўсім сёстрам з супольнасці назарэтанак за падтрымку і малітву.
Урачыстасць скончылася эўхарыстычнай працэсіяй i спевам гімну „Te Deum”.
Кс. Юрый Марціновіч