4 верасня ў Навагрудку адбыўся ўрачысты ўспамін благаслаўлёнай с. Марыі Стэллы Мардасевіч і дзесяці яе паплечніц з Супольнасці Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта.
Навагрудская святыня п.н. Перамянення Пана, якая была месцам малітвы сясцёр-мучаніц, у тым дні сабрала шматлікіх гасцей. Вернікі прыбылі, каб праз заступніцтва назарэтанак выпрошваць патрэбныя ласкі ў Бога для сябе і сваіх сямей.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На малітве прысутнічалі і тыя сёстры-назарэтанкі, якія сёння нясуць сваю паслугу ў розных кутках нашай краіны. Манахіні прасілі дапамогі і падтрымкі ў іх штодзённай паслузе.
У гаміліі кс. біскуп узгадаў біяграфіі сясцёр-мучаніц, адзначаючы, што "Бог стаў для іх сапраўдным узмацненнем".
Іерарх адзначыў, што Бог, якому сёстры служылі з вялікай ахвотай і верай, быў для іх апорай на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў хвіліны страшнага выпрабавання: калі яны працягам цэлай ночы чакалі смерці, пазней у дарозе на месца пакарання і, нарэшце, у момант расстрэлу.
Пасля св. Імшы вернікі трывалі пры саркафагу з астанкамі мучаніц. Трывалі ў веры і напоўненыя надзеяй, што Бог у сваёй ласкавасці выслухае іх просьбы.
Благаслаўлёныя с. Стэлла i 10 яе паплечніц былі расстраляныя нямецкімі фашыстамі 1 жніўня 1943 года. Яны ахвяравалі сваё жыццё, каб выратаваць ад пагібелі арыштаваных мужчын і святара - тагачаснага рэктара Навагрудскай Фары кс. Аляксандра Зенкевіча, кананізацыйны працэс якога распачаўся ў 2010 годзе.
кс. Юрый Марціновіч