14 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў дзіцячы лагер адпачынку “Нецеч” пры дабрачынным каталіцкім таварыстве “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі.
Для адміністрацыі лагеру і выхаванцаў вялікай радасцю было ўбачыць так важнага госця, які быў вельмі адкрыты на камунікацыю з дзецьмі. У сваю чаргу хлопцы і дзяўчаты правялі іерарха па сваіх пакоях і распавялі аб тым, як выглядае іх адпачынак, і чым яны там займаюцца.
У размовах з дзецьмі іерарх заклікаў іх заўсёды, а асабліва падчас канікул, памятаць пра Бога і не забываць аб малітве. Таксама біскуп Аляксандр заахвоціў дзяліцца радасцю і дабром з усімі людзьмі, асабліва са сваімі блізкімі.
На завяршэнне сустрэчы ўсе супольна памаліліся, атрымалі салодкія падарункі і пастырскае благаслаўленне ад біскупа.
Дзеці ўдзячныя біскупу, а таксама супрацоўнікам гродзенскага “Карытас” за прадстаўленую магчымасць адпачынку і правядзення канікул разам з Богам. Дабрачыннае каталіцкае таварыства "Карытас" было арганізатарам адпачынку для дзяцей з Гродзенскай дыяцэзіі на працягу ўсяго лета.
Кс. Юрый Марціновіч