9 жніўня ў лідскай парафіі Святой Сям'і распачалася дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі. На спатканне прыбыло 130 хлопцаў з розных парафій Гродзеншчыны.
У гэтым годзе сустрэча праходзіць пад дэвізам: "Служба міністранта як адказ на Божую любоў". Праз гэтае мотта арганізатары сустрэчы літургічнай службы алтара вырашылі звярнуць увагу моладзі на тое, што служба пры алтары заўсёды павінна выконвацца з вялікім запалам і адказнасцю.
У першы дзень сустрэчы міністранты паслухалі канферэнцыю, падрыхтаваную кс. Антоніем Абухоўскім, душпастырам міністрантаў, які звярнуў іх увагу на тое, што "служыць пры алтары - гэта вялікі прывілей", таму што міністрант заўсёды знаходзіцца найбліжэй да алтара і служыць Богу.
Кульмінацыяй першага дня спаткання была св. Імша пад кіраўніцтвам кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча з удзелам святароў. У гаміліі іерарх заахвоціў маладых людзей жыць у сяброўстве з Богам, адзначаючы, што толькі тады жыццё чалавека будзе мець сэнс.
„Божая любоў да нас з'яўляецца безгранічнай, і адзінай умовай, якую мы павінны выканаць, каб пазнаць Ягоную любоў - гэта адкрыцца на яе і цалкам даверыцца ёй", - дадаў кс. біскуп А. Кашкевіч.
Біскуп гродзенскі заахвоціў міністрантаў адказваць на Божую любоў канкрэтнымі чынамі і словамі. „Калі мы з верай удзельнічаем у св. Імшы - мы разам з Езусам, які ахвяраваў сябе на крыжы, дзякуем нашаму Нябеснаму Айцу”, – дадаў іерарх.
Біскуп таксама падкрэсліў, каб міністрант, выконваючы свае абавязкі пры алтары, намагаўся не думаць пра іншыя, староннія рэчы, не разглядацца па касцёле, але засяроджваць сваю ўвагу на словах малітвы, на тым, што чуе ў чытаннях і пропаведзі, на тым, што адбываецца падчас ажыццяўлення Эўхарыстычнай Ахвяры.
„З любові да Езуса давайце будзем гатовыя да невялікіх ці большых адрачэнняў", - падсумаваў іерарх, жадаючы ўсім удзельнікам сустрэчы, каб гэтае спатканне дапамагло ім яшчэ больш усвядоміць веліч Божай любові да чалавека і магутнасць дзейнасці Яго ласкаў. „Вучыцеся адказваць на Божую любоў не толькі вернай і радаснай службай пры алтары, але і ўсім сваім жыццём", - дадаў іерарх.
У праграме першага дня сустрэчы адбыўся таксама конкурс міністранцкіх ведаў і малітоўнае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамантам.
кс. Юрый Марціновіч