Пешая пілігрымка "Гродна-Рось", якая сёлета праходзіць пад дэвізам "Дакраніся да Божай міласэрнасці", распачалася св. Імшой раніцай 5 жніўня. Набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў усіх пілігрымаў прысвяціць час у дарозе Богу, каб адкрыцца такім чынам на дзеянне Божай ласкі. Пілігрымка вырушыла з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і стала ўжо 15-ай па ліку. Гамілію да прысутных прамовіў кіраўнік паломніцтва кс. Юрый Марціновіч. Святар адзначыў, што "пілігрымка з'яўляецца адпаведнай магчымасцю, каб шукаць адказы на хвалюючыя нас жыццёвыя пытанні. (...) І менавіта паломніцтва з'яўляецца пацверджаннем таго, што мы хочам станавіцца усё лепш у наследванні Езуса. І гэта незалежна ад таго, будуць іншыя прымаць нас, ці адкідваць. Незалежна ад таго, будуць іншыя благаслаўляць нас, ці праклінаць. Незалежна ад таго, будуць яны прызнаваць нас, ці пераследаваць".
Самі пілігрымы прызнаюць, што пешая пілігрымка з Гродна ў Рось, якая збірае людзей з розных куткоў Гродзеншчыны, належыць да найцяжэйшых - больш за 45 км праходзяць вернікі ў першы дзень дарогі.
На заканчэнне св. Імшы бп. Аляксандр Кашкевіч удзяліў пілігрымам пастырскае благаслаўленне і папрасіў занесці да ног Езуса Журботнага ўсе справы і інтэнцыі Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама малітву за сем’і, каб у кожным доме знайшлося месца для Бога. Біскуп прайшоў з пілігрымамі вуліцамі горада, пажадаў добрай дарогі і плёну ў малітоўным чуванні.
Даведка:
Гісторыя санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі цесна звязана з аднайменнай цудатворнай фігурай Хрыста, якая знаходзіцца ў галоўным алтары святыні. Гісторыя цудаў і аздараўленняў, звязаных з гэтай фігурай, бярэ свой пачатак у выпадку, які адбыўся ў Росі 400 гадоў таму.
Сляпая жанчына падчас ранішняй св. Імшы паспавядалася перад фігурай, мяркуючы, што перад ёю святар, і атрымала адпушчэнне грахоў. Калі святар, які ўдзяляў жанчыне св. Камунію, пацікавіўся, у каго яна спавядалася, жанчына адказала: "Той спаведнік, які сядзіць у бабінцы (пярэдняя частка святыні - рэд.), выслухаў споведзь і, калі даў мне адпушчэнне, - я пачала бачыць".
Факт споведзі пацвердзілі ўсе прысутныя на Імшы людзі, а цуды і звязаныя з гэтым ласкі з таго часу пачалі пашырацца сярод вернікаў парафіі і ваколіц.
Тэкст: Ганна Глебовіч
Фота: Максім Хованскій