30 ліпеня Батароўскі лес каля Навагрудка, дзе ў час вайны фашысты расстралялі 11 сясцёр-назарэтанак, наведалі шматлікія пілігрымы. Частка з іх прыбыла ў VII пешай пілігрымцы з Гродна. Наведаць месца пакарання прыйшлі таксама вернікі з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія).
Сястра Стэлла і 10 яе паплечніц загінулі там ранкам 1 жніўня 1943 г., аддаўшы жыццё за бацькаў сем’яў. На малітве сабраліся і законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, удзячныя сваім папярэдніцам за гераічнае складанне жыцця на алтары ў інтэнцыі сем’яў.
Усе прыбылі са сваімі інтэнцыямі, а таксама каб праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр- мучаніц з Навагрудка маліцца за ўсе народы, якія перажываюць вайну; за хрысціян, якіх пераследуюць за веру; за краіны, у якіх адбываюцца ўзброеныя канфлікты, дзе пануюць насілле і смерць.
Св. Імшу каля крыжа, усталяванага на магіле манахінь і які заахвочвае чалавека ХХІ стагоддзя, што варта прысвяціць сваё жыццё Хрысту, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што сёстры-назарэтанкі склалі сваё жыццё як свядомую і дабравольную ахвяру, у жэсце гераічнай любові да Бога і бліжняга. “Мы стаім у падножжа Галгофы, нашай беларускай навагрудскай Галгофы, на якой была складзена сапраўдная ахвяра. Менавіта тут абарвалася жыццё сястры Стэллы і яе паплечніц” — дадаў іерарх. Біскуп Касабуцкі адзначыў, што гэта навагрудская Галгофа нарадзіла для нашай зямлі і ўсяго свету 11 нябесных заступніц.
Іерарх заклікаў усіх прысутных, каб паводле прыкладу сясцёр-мучаніц з Навагрудка не былі абыякавыя да чалавечых бед, але з любоўю і пашанай адносіліся адзін да аднаго.
На заканчэнне Імшы сястра Лаўра Шукеловіч, настаяцельніца сённяшняй навагрудскай супольнасці сясцёр-назарэтанак, выказала падзяку ўсім прысутным за супольную малітву. Сястра таксама адзначыла, што “з кожнай ахвяры Бог абуджае сілу і распальвае нанова веру”.
“Перажываючы 73-ю гадавіну смерці навагрудскіх назарэтанак, нашыя сэрцы напаўняюцца ўдзячнасцю Богу за прыклад іхняга жыцця і адданасці, за прыклад веры і любові да Бога і чалавека” – падсумавала сястра Лаўра Шукеловіч.
Пасля Імшы вернікі яшчэ доўгі час стаялі на каленях на зямлі, якая ў 1943 г. была акроплена крывёй мучаніц. У сваіх асабістых малітвах дзякавалі Пану Богу за вялікі дар мучаніцтва сясцёр-назарэтанак i за іх сведчанне нязломнай веры і гераічнай любові да Бога і бліжняга. Шматлікая прысутнасць пілігрымаў у гэты дзень стала выразам памяці пра сясцёр-мучаніц, пра святасць іх жыцця і пра гераізм іх смерці.
Кс. Юрый Марціновіч