11 чэрвеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай св. Імшой скончыўся акадэмічны год у студэнтаў катэхетычных курсаў пры аддзеле навучання Гродзенскай курыі. Выпускнікі атрымалі дыпломы і біскупскае бласлаўленне. Св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам з ім яе цэлебравалі а. д-р Андрэй Шчупал, кс. пралат Юзаф Трубовіч і кс. Антоній Грэмза. У гаміліі іерарх звярнуў увагу студэнтаў на тое, што кожнага з іх паклікаў Езус. “Вы выйшлі насустрач Хрысту, каб паглыбляць свае веды, спазнаваць Бога рознабакова. Гэта павінна насыціць вашыя сэрцы, а вы павінны перадаваць тое, аб чым пачулі, іншым”.
Біскуп падкрэсліў вострую неабходнасць у сведчанні сваёй веры. “У пару вольнасці, свабоды людзі часта адчуваюць холад у сэрцы да Бога. Варта з адвагай, перакананнем і радасцю абвяшчаць Евангелле, несці людзям Добрую Навіну”. І заахвоціў студэнтаў падзякаваць блізкім за разуменне і салідарнасць. “Гэта ваша агульнае дасягненне”.
Пасля пастырскага бласлаўлення выпускнікі падзякавалі ўсім, хто вёў іх па шляху да спазнання Праўды. Напрыканцы а. д-р Андрэй Шчупал пажадаў студэнтам добрых канікул, каб з новымі сіламі распачаць наступны акадэмічны год.
Ангеліна Пакачайла