8 чэрвеня ў Гродне прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця 17-га Рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Упершыню благаславіць і акрапіць святой вадой удзельнікаў дадзенага мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай Царквы.
Як адзначыў кс. Валеры Спірыдон, вікарый гродзенскага касцёла імя св. Францішка Ксаверыя, "сваёй прысутнасцю на дадзеным мерапрыемстве духоўныя асобы нагадваюць пра тое, што існуе не толькі права людское, выкананне якога кантралююць адпаведныя службы, але і вышэйшае за ўсё права Божае".
Кс. Валеры звярнуў увагу і на тое, што "супрацоўнікі службы ДАІ не раз аказваюцца ў сітуацыях, калі павінны спаганяць штрафы, што часта выклікае незадаволенасць, а нават праклёны з боку правапарушальнікаў у іх адрас.Таму Божае благаслаўленне на добрую справу ім вельмі неабходна".
У конкурсе праф-майстэрства прымуць удзел каманды, якія прадстаўляюць усе вобласці і горад Мінск, спецпадраздзяленне ДПС "Страла", а таксама госці з Расіі. Галоўнай мэтай правядзення агляду-конкурсу з'яўляецца ўкараненне ў дзейнасць службы ДАІ навыкаў, якія будуць прадэманстраваны падчас спаборніцтваў, дзеля гарантыі высокага ўзроўню бяспекі на дарогах.
Тэкст: А. Марцішэўская
Фота: А. Пакачайла