У нядзелю 5 чэрвеня а 13 гадзіне ў касцёле пад тытулам Божага Цела і св. Юрыя Мучаніка кс. Павел Скуба цэлебраваў прыміцыйную св. Імшу ў роднай крамяніцкай парафіі. Павіншаваць маладога ксяндза прыбылі святары, навучэнцы гродзенскай ВДС, родныя, сябры і аднавяскоўцы святара.
Гамілію падчас набажэнства прачытаў дзядзя кс. Паўла кс. Юрый Кузьміч - пробашч парафіі ў Новым Двары:
- Святарства - гэта дар, які вучыць бачыць у кожным чалавеку дзіця Божае, за якое Ён праліў сваю кроў. Сярод нас шмат нянавісці, сусвет напоўнены злосцю, і ва ўсім гэтым святарства вучыць бачыць параненую людскую душу, якая крычыць і просіць дапамогі.
Кс. Юрый пажадаў новапрэзбітэру штодзённа глыбей адкрываць дар свайго святарства, бачыць у ім асаблівую службу і сапраўдную дарогу шчасця.
Пасля казання родныя кс. Паўла прайшлі працэсіяй з дарамі да алтара.
На заканчэнне набажэнства ксёндз Павел Скуба удзяліў прысутным благаслаўленне i папрасіў аб малітоўнай падтрымцы ў святарскім служэнні. Пасля прайшла сустрэча прыміцыянта з парафіяльнай супольнасцю і запрошанымі гасцямі.
Тэкст: Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая