3 красавіка ў 15.00 у вярэйкаўскую парафію ўрачыста ўнеслі рэліквіі святой сястры Фаустыны Кавальскай. Святочная падзея адбылася ў Нядзелю Божай Міласэрнасці.
Як заўважыў пробашч касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Валерый Лісоўскі, вернікі набылі яшчэ адну заступніцу ў парафіі. Падчас набажэнстваў, што будуць адпраўляцца ў Гадзіну міласэрнасці, кожны ў стане ласкі зможа атрымаць адпуст. “Раю вам з Ёю пасябраваць”, – заахвоціў вернікаў пробашч.
Рэліквіі святой прыбылі з санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. З дазволу генеральнай сястры яны застануцца ў парафіі ў Вярэйках, дзе актыўна развіваецца рух Божай Міласэрнасці.
Пасля працэсіі адбылася св. Імша, якую разам з пробашчам цэлебраваў ксёндз Павел Астукевіч. У гаміліі святар зачытаў фрагменты з “Дзённіка” святой Фаустыны, нагадаў прысутным яе жыццё і дзейнасць. Ксёндз Павел звярнуў увагу на тое, што ў свеце, напэўна, няма касцёла, які б не чуў пра культ Божай Міласэрнасці і сястру Фаустыну. Таму вернікі атрымліваюць вялікі гонар маліцца да яе, ушаноўваючы рэліквіі, у сваёй парафіі.
Напрыканцы ўрачыстасці прысутныя засведчылі сваю пашану вялікай містычцы праз цалаванне рэліквій. Перад абразом сястры Фаустыны, усталяваным у парафіі, нястомна гучалі малітвы падзякі за ласку, атрыманую ў Год Міласэрнасці.
Падрыхтавала Ангеліна Пакачайла