Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў адпустовую Св. Імшу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (Ліда-Індустрыяльны).
Урачыстаць адбылася 25 жніўня з нагоды ўспаміну заснавальніка Ордэна Піяраў святога Юзафа Каласанса. Дарэчы, якраз у гэты дзень касцёл адзначыў сваё 7-годдзе.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на асобу св. Юзафа Каласанса, яго вялікі ўплыў на агульнадаступную адукацыю, адкрыццё школ і працэс выхавання ўвогуле. Гісторыя паказвае, што піяры, нягледзячы на розныя цяжкасці і пераследы, заўсёды працягвалі сваю работу ў Лідзе, таму біскуп пажадаў айцам-піярам і далей аддана служыць тут Богу і людзям.
Напрыканцы Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, прысутныя разам памаліліся Літанію да Св. Юзафа Каласанса. Затым вернікі і святары на чале з біскупам прайшлі ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамaнтам вакол касцёла.
На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз-пробашч Ян Асіповіч SP падзякаваў усім, хто дапамог арганізаваць свята і прыняў у ім удзел.
Біскуп, у сваю чаргу, падзякаваў усім прысутным вернікам, святарам за супольную малітву, пробашчу за запрашэнне і гасцінны прыём, словы падзякі выказаў міністрантам, адзначыўшы высокі ўзровень выканання імі сваіх абавязкаў падчас літургіі, а таксама пажадаў ім не баяцца адказваць на голас Бога, калі яны пачуюць Яго.
Кацярына Мурамская
Фота Аляксандр Снапко