Каталіцкая моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ў ноч з 14 на 15 сакавіка ўдзельнічала ў вялікапосным чуванні, якое ўзначаліў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка, кардынал П’етро Паралін. Перажыць час супольнай малітвы прыбылі таксама клерыкі Гродзенскай ВДС. Усяго на малітоўнай сустрэчы ў мінскім касцёле св. Сымона і Алены прысутнічала каля 360 чалавек з моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас сустрэчы з кардыналам моладзь прэзентавала кранальныя пастаноўкі, спявала, давала сведчанне сваіх навяртанняў, задавала іерарху хвалюючыя пытанні, на якія ён з гатоўнасцю адказваў. Моладзь нашай дыяцэзіі вырашыла падзяліцца сваімі ўражаннямі пасля чування.
Вольга Садоўская
- Удзел у гэтым чуванні яшчэ раз даў мне магчымасць упэўніцца ў тым, якая ў нас цудоўная моладзь, як добра мы можам праводзіць час разам з Богам. Я вельмі ўдзячна Богу за тое, што дазволіў мне, нягледзячы на маю занятасць, пражыць такія цудоўныя хвіліны жыцця і акунуцца ў атмасферу сапраўднай хрысціянскай любові. Дзякуючы прысутнасці кардынала П’етро Параліна я адчула блізкасць Святога Айца Францішка, Яго клопат і любоў да нас. Я спадзяюся, што нашыя просьбы будуць пачутыя Богам, і Ён дапаможа Папе Францішку наведаць нашу краіну, паглядзець на нашых людей, на нашу моладзь, дзяцей. А яшчэ, прыехаўшы да нас, Святы Айцец зможа ўбачыць і адчуць, якая ў нас моцная вера, як мы любім свайго Стварыцеля і як хочам будаваць жыццё паводле хрысціянскіх законаў.
Клерык Эрнэст Мікалайчык
- Гэта было неверагодна! І не толькі таму, што гэта было спатканне з вельмі важнай асобай у Касцёльнай іерархіі, кардыналам П'етро Паралінам, але і таму, што гэта была сустрэча моладзі з усіх куткоў Беларусі. Мне здаецца, такія супольныя сустрэчы павінны арганізоўвацца больш часта. Я, напрыклад, упершыню ўдзельнічаў у такім спатканні, тым больш, што яго галоўнай мэтай была супольная малітва. Уразіў сапраўды малітоўны настрой і атмасфера адзінства. Было шмат таго, што пакінула пазітыўныя ўражанні: гэта і асабістыя сведчанні моладзі, як яны перажываюць сваю веру, і прэзентацыі дыяцэзій. Але галоўным перажываннем безумоўна была супольная Эўхарыстыя: малітва, прыгожы спеў і, канешне, гамілія. Гэта было глыбока, гэта ўразіла, гэта было тым, што ўмацавала і заахвоціла. Падсумаваць хацелася б словамі кардынала П'етро Параліна: “Я бачу тут жывы Касцёл!”
Юлія Алешчык
- 14 сакавіка мы мелі цудоўную магчымасць разам з кардыналам П’етро Паралінам прысутнічаць на малітоўнай сустрэчы ў касцёле св. Сымона і Алены. Прадстаўнік Святога Айца пакінуў у мяне вельмі моцнае ўражанне: гэта выдатны чалавек з добрымі вачыма, гледзячы ў якія, адразу адчуваеш любоў, якою ён дзеліцца з усімі навокал.
Андрэй Станеўскі
- Я вельмі цешуся, што паехаў на начное моладзевае чуванне ў Мінск. Я пад вялікім уражаннем ад супольнай малітвы і прысутнасці столькіх маладых людзей, якія з верай у сэрцы ва ўвесь голас крычалі "Беларусь чакае Папу" ... склалася ўражанне, што ад іх крыку залежыць прыезд Папы Францішка ў Беларусь. Будзем спадзявацца, што Папскі прадстаўнік перакажа жаданне беларусаў Святому Айцу і мы неўзабаве ўбачым яго на нашай зямлі.
Клерык Раман Вайцеховіч
- На чуванні панаваў вельмі малітоўны настрой, атмасфера адчувалася як у Рыме: цэлебрацыя св. Імшы сакратаром Папы, яго спеў падчас Эўхарыстыі. Таксама было прыемна ўбачыць сваіх сяброў і знаёмых. Вельмі ўразілі словы верша Рыгора Барадуліна, якія, на маю думку, павінен прамаўляць штодня кожны хрысціянін.
Дзякую, Усявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бяссілле,
За дзірван і за араллю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
I дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
I што не было,
Дзякую, Ойча…
Андрэй Дзюрдзь
- Св. Імша ў мінскім касцёле з удзелам кардынала П'етро Пароліна выклікала ў мяне шмат пачуццяў. Перш за ўсё - гэта пачуццё адметнасці візіта такой значнай асобы, як сакратар Папы. Па-другое, гэта пачуццё малітоўнага адзінства, якое панавала падчас св. Імшы. Я адчуваў, як прысутныя шчыра маліліся, каб візіт кардынала прынёс вялікія плады на карысць Каталіцкага Касцёлу Беларусі. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту мяне вельмі ўразіў той дух супакою і пакоры, які панаваў у касцёле. Мне здаецца, гэтаму спрыялі нават самыя сцены храма Сымона і Алены, які зачароўваў сваёй прыгажосцю.
Вераніка Загорская
- На чуванні адчувалася прысутнасць Бога, хацелася ўвесь час гаварыць з ім...я нават сон перамагла. Вельмі ўразілі словы падчас канфернцыі аб тым, што Люцыфер водзіць нас па грахоўным крузе... ад гэтых слоў я проста ўстала і пайшла спавядацца, каб выйсці з палону грахоў і пачаць жыццё нанова.
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая