22 снежня ў кляштары сясцёр Назарэтанак у Гродне адбылася аплатковая сустрэча для найбяднейшых жыхароў горада Гродна. Пры фінансавай падтрымцы дабрачыннай каталіцкай арганізацыі "Карытас", манахіні падрыхтавалі вігілійны стол для тых, хто не зможа сесці разам са сваімі роднымі за святочным сталом. Многія з 70-ці, якія прысутнічалі на пасілку, не маюць не толькі ўласнага дому, але нават родных і сяброў.
Святочны абед распачаў чытаннем Евангелля аб нараджэнні Езуса кіраўнік “Карытас” кс. Віталій Дабраловіч, які таксама падкрэсліў духоўную глыбіню Таямніцы Уцелаўлення Божага Сына, якая паказвае Божую любоў і клопат для кожнага. "Бог падтрымлівае Вас сваёй далонню негледзячы ні на якія жыццёвыя праблемы" - падбадзёрыў прысутных святар і пажадаў ім моцы духа.
Пасля кс. б-п Аляксандр асвяціў аплаткі, растлумачыў сэнс белага хлеба (аплаткі) і ламання ім, і злажыў свае цёплыя пажаданні. Пад спеў калядак Гродзенскі ардынарый падзяліўся аплаткамі з запрошанымі госцьмі і падносіў ім ежу.