У парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку 2 жніўня адбыўся "Дзень старэйшай асобы". Група парафіянаў вырашыла дапамагчы самотным і хворым людзям, каб яны маглі паўдзельнічаць у св. Імшы.
Быў арганізаваны транспарт, які дазволіў людзям, якія даўно не былі ў касцёле, дабрацца туды і ўзяць удзел у св. Эўхарыстыі. Перад св. Імшой, якая распачалася а 12 гадзіне, кожны мог прыступіць да споведзі. Падчас гаміліі пробашч парафіі, кс. Аляксандр Баклажэц, падкрэсліў сэнс хрысціянскага перажывання старасці і хваробы.
На знак вернасці Касцёлу і навучанню Езуса, усе прысутныя пацалавалі крыж - сімвал збаўлення. Пасля благаславенства ўсе сабраліся ў парафіяльным доме, каб паразмаўляць аб сваім жыцці, аб сваіх праблемах. Некаторыя асобы ўжо даўно не выходзілі за межы свайго дому, таму гэткая сустрэча была для іх вельмі карыснай. Таксама быў зарганізаваны сціплы пачастунак і кароткі канцэрт.
кс. Аляксандр Баклажэц