Прапануем інтэрв'ю з біскупам-намінантам Юзэфам Станеўскім, дзе ён распавеў пра важнасць біскупскай паслугі, дэвіз свайго служэння, бачанне развіцця каталіцкіх СМІ...
Ксёндз Юзаф, з якімі пачуццямі Вы ўспрынялі гэтую намінацыю?
Разважаючы па-людску, гэта вельмі хвалюючы момант. Я памятаю такія ж хвалюючыя хвіліны падчас пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату. Ну а цяпер рашэнне Святога Айца Францішка, каб я прыняў паўнату святарства. У сённяшнім свеце гэта заданне мае вялікае значэнне. Бог кліча і выбірае тых, каго Сам хоча. Ёсць, канешне ж, і радасць, бо тая дарога, па якой я крочу, той дыялог, які распачаўся з моманту святога хросту ў Вялікую пятніцу 1969 года, бо я нарадзіўся ў Вялікую пятніцу, і той крыж, і пакуты, бо дзе ёсць крыж і пакуты, там ёсць і ўваскрасенне, – усё гэта мае сэнс. Пачуцці перапоўнены хрысціянскай надзеяй, аб чым вельмі часта падкрэслівае папа Францішак. Аптымізм – гэта ў свеце, а ў Касцёле – надзея.
Што, на Вашу думку, з’яўляецца найважнейшым у біскупскай паслузе?
Важнейшыя заданні біскупа можна знайсці ў Кодэксе кананічнага права ці іншых дакументах Апостальскай Сталіцы. А вось рэалізаваць усё гэта ў жыццё будзе, безумоўна, складаней, бо павінен быць адрасат. Важна перш за ўсё не забывацца, што я ўзяты з гэтага народа, што я разам ім выхоўваўся, вучыўся ў школе, служыў у войску, атрымліваў духоўна-інтэлектуальны падмурак ў семінарыі, у храме з гэтым народам я ўзносіў малітву да Бога спачатку як міністрант, потым як клерык, дыякан, святар. Сёння таксама важна быць з гэтым народам, каб не было ніякай розніцы, каб усе былі братамі і сёстрамі. Вялікім заданнем з’яўляецца ўзмацненне людзей у веры. Я веру, што Бог дадасць мне сілы, здольнасці і ахвоту, каб людзі, гледзячы на біскупа, змаглі знайсці таго, каго шукалі. Я хачу ім дапамагчы, а для гэтага трэба перш за ўсё сустрэцца з чалавекам, дапамагчы яму словам, малітвай, усмешкай, падзяліцца з ім радасцю.
Які дэвіз Вы сабе абіраеце і чаму?
Справу біскупскага дэвізу я разважаю на малітве. У жыцці стараюся быць радасным, менавіта таму вырашыў выбраць словы з “Ewangelii gaudium”. У сваёй новай адгартацыі папа Францішак паказвае, што ў гэтым свеце, напоўненым грахом, аднак адкрытым на Бога, павінны паказваць радасць Евангелля. Я ўжо некалі гаварыў, прычым з асабістага досведу, што большасць людзей успрымае Касцёл з пункту гледжання кодэкса забаронаў, пакуты. Неабходна такім людзям паказваць, што дае Касцёл, што дае Хрыстос – радасць з таго, што мы Божыя дзеці, што Бог клапоціцца пра нас, што мы Яму патрэбныя, што Ён не абыякавы да нашых клопатаў. Трэба зрабіць гэты крок, бо Любоў Бога заахвочвае нас так паступаць. Папа Бенедыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Deus Caritas Est” піша, што першы Бог палюбіў нас, і гэта не проста запаведзь, гэта мой асабісты адказ на Яго любоў. Дык які ж ён, гэты адказ?
Што будзе змешчана на гербе?
Сёння мне яшчэ цяжка сказаць (аўт.: інтэрв’ю было ўзята адразу пасля намінацыі), бо я сапраўды над гэтым яшчэ не задумваўся. На дадзены момант разважаю і надалей буду разважаць гэтыя справы на малітве.
Што праз сваю паслугу біскуп хоча перадаць людзям?
Прысутнасць біскупа сярод людзей, хоць, можа, гэта больш датычыць біскупа ардынарыя, пастыра дыяцэзіі, вельмі важная. Калі біскуп ідзе да людзей і знаходзіцца з імі, яны пачынаюцьадчуваць радасць і духоўную ўпэўненасць што маюць лідара, маюць магчымасць да каго звярнуцца і з кім параіцца.
Якія абавязкі будзе выконваць дапаможны біскуп у нашай дыяцэзіі?
Абавязкам дапаможнага біскупа з’яўляецца падтрымка біскупа ардынарыя дыяцэзіі ў яго паслузе. Гэта значыць, што маё служэнне будзе залежным ад прапаноў і ініцыятыў кс. б-па Аляксандра. Я ў сваю чаргу адкрыты на ўсё: тое, што ўмею, зраблю, а чаго не ўмею, навучуся.
Ксёндз Юзаф, ці застанецеся Вы рэктарам Гродзенскай ВДС?
Гэта залежыць ад кс. б-па Аляксандра. Лічу, што паслуга біскупа – гэта, перш-наперш, прысутнасць сярод святароў, маіх братоў у святарстве, магчымасць наведваць іх, размаўляць з імі, ведаць, як яны жывуць, чаго яны патрабуюць і чакаюць ад нас, біскупаў. Гэта братэрскае жыццё. Але гэта таксама і прысутнасць сярод вернікаў. У семінарыі я працаваў з 1997 г. – спачатку ў якасці прэфекта, пазней на рэктарскай пасадзе. Новы чалавек, новая кроў заўсёды ўносіць нешта новае. Паслуга біскупа, на маю думку, вельмі вычарпальная, яна патрабуе шмат часу і самаадданасці, таму дзве гэтыя функцыі складана спалучыць.
Папа Францыск пра біскупаў сказаў, што біскуп павінен служыць, а не панаваць, у чым гэтая паслуга будзе выражацца ў Вас?
Кантакт са святарамі, а праз іх з вернікамі, бо я вельмі адкрыты на кожнага чалавека. Буду старацца з кожным паразмаўляць і падзякаваць і перад усім быць адкрытым і даступным.
У сваёй адгартацыі Папа вельмі многа гаворыць пра тое, што Касцёл павінен быць адкрытым, гаворыць пра місійнасць Касцёла. У пераказе Евангелля дапамагаюць СМІ, якія ўваходзяць у кожны дом праз Інтэрнэт, радыё і тэлебачанне. Якім біскуп намінант бачыць развіццё СМІ ў нашай дыяцэзіі?
Дзякуй Богу нашыя дыяцэзіяльныя медыя знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. Маем інтэрнэт-старонку, газету, праграму на тэлебачанні і радыё. Сапраўды сёння Інтэрнэтам карыстаецца мноства людзей, там існуюць групы, там вялікая колькасць нашых вернікаў. Калі Хрыстос сказаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы…”, не сказаў якім чынам, але сказаў, што гэта павінна быць навука. Слова можа быць напісана, надрукавана, можа быць на радыёвяшчальнай станцыі і на тэлебаччанні, але там павінен быць добры змест. Калі мы гаворым пра Евангелле, каб гэта былі словы Евангелля. Будзем працаваць далей, каб нашы СМІ развіваліся і былі інструментамі ў прапаведваніі Добрай Весткі. Вельмі важна, каб маладыя людзі пры дапамозе Інтэрнэту, тэлефону і іншых сродкаў камунікацыі маглі знайсці радасць Евангелля.
Што кс. бп намінант хацеў бы перадаць праз каталіцкія СМІ вернікам нашай дыяцэзіі?
Перад усім хачу папрасіць аб малітве. Перад нашым лакальным Касцёлам перад ардынарыем і мной, новапрызначаным электам сёння стаяць шматлікія пытанні і заданні, якія патрабуюць адкузу і рэалізацыі, таму прашу вашай малітвы ў маёй інтэнцыі, каб як найлепш выканаў гэтыя заданні, якія Папа Францыск мне даручыў, запрашаючы да гэтай паслугі. Са свайго боку запэўніваю, што буду маліцца за Вас і за ўсіх тых, хто знаходзіцца ў пошуку дарогі ў храм, да Бога, каб радасць Евангелля была спазнана, і каб людзі не баяліся прыходзіць Бога.
Размаўлялі кс. Павел Салабуда і кс. Юрый Жэгарын
Больш поўны тэкст інтэрв'ю з'явіцца ў найбліжэйшым нумары газеты "Слова Жыцця"