У Рэспубліцы Беларусь дзень 7 мая – свята ўсіх працаўнікоў радыё, тэлебачання і сувязі. З нагоды гэтага свята, 6 мая ў актавай зале Тэлерадыёкампаніі “Гродна” адбылося святочнае ўзнагоджанне тых людзей, уклад якіх у развіццё СМІ за апошні год прынёс добры плён. Ліст падзякі ад дырэктара Тэлерадыёкампаніі атрымаў таксама кс. Павел Салабуда. У пісьме дырэкцыя Тэлерадыёкампаніі дзякуе за супрацоўніцтва адказнаму за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй прэс-службе дыяцэзіі. Як падкрэсліў дырэктар Тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мельячэнка Мікалай Мікалаевіч: “Дыяцэзія асвячае сваё жыццё на высокім узроўні, і мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва”. Гродзенская дыяцэзія мае сваю тэлеперадачу “Сімвал Веры” на тэлеканале “Беларусь-2”, а таксама праграму “Голас Евангелля” на польскай секцыі Гродзенскага радыё.
Як паведаміў для нашага партала кс. Павел: “Гэта вельмі прыемная падзяка і ўзнагарода не толькі для мяне, але і для тых, хто працуе ў нашых дыяцэзіяльных СМІ. Гэта вялікая група людзей, прафесіяналаў, якія сваёй працай евангелізуюць наш народ. Разам з імі таксама працуюць святары. Сайт, газета, выдавецтва і тэлестудыя на дыяцэзіяльным узроўні маюць сваіх святароў, якія займаюцца развіццём СМІ ў дыяцэзіі і ўсяго Касцёла Беларусі. Хачу таксама падкрэсліць, што каталіцкія СМІ ў нашым горадзе маюць глыбокія карані, бо тут жыў і працаваў св. Максімільян Марыя Кольбэ, які выдаваў “Рыцар Беззаганнай”, а год таму ў нашым горадзе прайшоў I Кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі”.
На цяперашні момант Гродзенская дыяцэзія мае сваю газету, якая выходзіць раз на два тыдні тыражом больш за 13000 экзэмпляраў, ёсць дыяцэзіяльны сайт grodnensis.by, які за апошні год моцна змяніўся і стаў распазнавальным і папулярным як у Гродне, так і ва ўсёй дыяцэзіі, а таксама дзейнічае тэлестудыя, якая, між іншым, працуе над праграмай “Сімвал Веры”. Гродзенская дыяцэзія вядзе плённае супрацоўніцтва з усімі СМІ і запрашае да такога супрацоўніцтва і развіцця далейшых адносін свецкія СМІ.
Матэрыял падрыхтавала А. Гульнік