Для каманды святароў з Гродзенскай дыяцэзіі апошнія дні былі вельмі насычанымі. Ім давялося паўдзельнічаць у Еўрапейскім чэмпіянаце сярод святароў па мініфутболе ў Славеніі, дзе нашая каманда заняла 8 месца сярод 13 каманд, тым самым паказаўшы лепшы вынік у параўнанні з папярэднім годам.
На VII Чэмпіянат па міні-футболе нашыя святары ехалі ўжо трэці раз. Да гэтага ў нас было 9 месца сярод 12 каманд і апошняе месца сярод 11 каманд. А ў гэтым годзе ў Славеніі - ужо на адну прыступку вышэй. За намі засталіся гаспадары, італьянцы, а таксама каманды Украіны, Аўстрыі і Чарнагорыі.
У падгрупе гарадзенскія святары выйгралі ў Славеніі, а прайгралі чэмпіёнам мінулага года партугальцам. За 7-8 месца нашая каманда змагалася з венграмі і, на жаль, прайграла з лікам 5-0.
Па словах капітана каманды кс. Паўла Салабуды, "гэта была складаная гульня, перш за ўсё мы два разы гулялі з партугальцамі і адзін раз з харватамі, якія заўсёды з'яўляюцца лідэрамі. Вельмі многа сіл было пакінута ў гульні з імі. Што тычыцца гульні за 7 месца, то наш варатар атрымаў траўму, а адзін з гульцоў у пачатку гульні чырвоную картку. Было вельмі цяжка гуляць, а тым больш перамагаць.”
Таксама, як адзначыў кс. Павел, у гэтым годзе вельмі многія каманды былі на вельмі высокім узроўні, і з кожным годам гэты ўзровень павышаецца.
“Для нас гэта ў першую чаргу магчымасць падзяліцца сваім душпастарствам, якое мы праводзім у сваёй краіне, мы рапавядаем пра Беларусь, як тут жывуць людзі. Усім вельмі цікава і многія задаюць пытанні. А праз спорт мы абвяшчаем Бога, гэта і ёсць Новая Евангелізацыя, таму што моладзь, якая прыходзіць падтрымаць нас, глядзіць на нас, а мы праз свае паводзіны паказваем Бога. Вялікая справа, якая, я лічу, будзе мець далейшае развіццё. Спорт становіцца яшчэ адным сродкам у вялікай справе Евангелізацыі. Мы маем доступ да той моладзі, якая не вельмі часта ходзіць у Касцёл,” - мяркуе святар.
У гэтым годзе Чэмпіянат выйгралі палякі.
Здымкі будуць дададзеныя пазней