
У самай сярэдзіне адвэнтавага чакання Касцёл дорыць нам урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтае свята – быццам прамень святла ў снежаньскім зромку, які агарнуў зямлю.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца ў Касцёле 8 снежня.
У свеце, які быў паранены грахом, у сэрцах, якія часта змучаныя і поўныя неспакою, Бог паказвае нам прыгажосць, святасць і чысціню Марыі. Яна першы знак новага пачатку. У Ёй распачынаецца аднаўленне чалавека і новая гісторыя – гісторыя збаўлення.
Часам людзі памылкова разумеюць значэнне гэтай урачыстасці, думаючы, што гаворка ідзе пра дзявоцкае зачацце Марыяй Езуса. Аднак “Беззаганнае Зачацце” азначае іншае: Марыя пры зачацці ва ўлонні сваёй маці, св. Ганны, была без першароднага граху, поўнай ласкі. Не мела нават ценю эгаізму, ганарлівасці, зайздрасці, хцівасці ці бунту супраць Пана Бога. Яе сэрца было абсалютна празрыстым, як чыстая крыніца, у якой адлюстроўваецца неба.
Беззаганная – наша Правадніца ў крочанні нялёгкімі шляхамі да святасці.
Створца з самага пачатку ведаў, што Марыя стане Маці Яго Сына, хацеў, каб Яна была святой і чыстай, падрыхтаванай да прыйсця Збаўцы свету і чалавецтва. Стаць беззаганна зачатай Ёй было дадзена з-за Хрыста – праз папярэджанне заслуг Адкупіцеля, які павінен быў прыйсці ў свет. Яшчэ перш чым свет з’явіўся, Марыя была ў плане любові Бога. Каталіцкі Касцёл урачыста абвясціў гэтую праўду ў 1854 годзе ў догмаце Ineffabilis Deus, падкрэсліваючы, што Марыя з першай хвіліны існавання была захавана ад першароднага граху моцай ласкі Хрыста.
25 сакавікa 1858 годзе ў Лурдзе 14-гадовая Бернардэта Субіру падчас аб’яўлення Марыі пачула ад Яе: “Я – Беззаганнае Зачацце”.
Найсвяцейшая Панна Марыя дадзена нам, каб паказаць, што і мы можам быць святымі, калі дазволім Богу дзейнічаць. Марыя не далёкая ад нас, Яна заўсёды побач са сваім бласлаўленнем Маці, якая аб кожным клапоціцца і кожнага любіць. Вучыць, што ў нашых сэрцах павінен пасяліцца Бог, які таксама хоча напаўняць іх ласкай. Кожная святая споведзь, кожная прынятая Камунія, кожны акт прабачэння – кропля ласкі, якая ачышчае чалавека ад граху, робіць яго прыгажэйшым.
Відавочна адно: мы ніколі не будзем беззаганнымі, як Найсвяцейшая Панна Марыя, але праз веру і навяртанне зможам зрабіць свае сэрцы больш чыстымі.
Няхай гэтая ўрачыстасць стане для нас запрашэннем таксама сказаць Богу сваё “так”: “так” у штодзённасці; “так” адносна Яго волі, нават калі яе не разумеем; “так” жыццю, якое з’яўляецца вялікім дарам. Няхай нашы сэрцы падчас сёлетняга Адвэнту стануць хоць крыху падобнымі на сэрца Марыі – чыстае, паслухмянае, пакорнае. Толькі ў такім сэрцы Бог можа нарадзіцца!
Кс. Юрый Марціновіч
