
Паходжанне іконы Маці Божай Барунскай застаецца пэўнай загадкай нават для даследчыкаў. Мастацтвазнаўцы вылучаюць версіі аб тым, што яна з’яўляецца помнікам візантыйскага пісьма або творам старажытнарускага пісьма, а магчыма, мае італьянскае паходжанне ці пераймае італьянскія ўзоры. Для вернікаў жа гэта, перш за ўсё, святыня надзеі, якая адорвае ласкай суцяшэння і Божай дапамогі.
Гісторыя іконы
Першая пісьмовая ўзгадка аб іконе Маці Божай Барунскай адносіцца да 1705 года. Уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка нават прысвяціў гэтаму абразу кнігу, у якой апісваліся цуды, што адбыліся пасля малітваў перад ім. Твор пад назвай “Мора ласкаў і шчодрасцей Боскіх у Пушчы Барунскай плывучых” быў выдадзены ў 1712 годзе і сведчыў аб усеагульнай вядомасці абраза.
Свой шлях у невялікае мястэчка Баруны на Ашмяншчыне ікона пачала са старажытнага Полацка, дзе яна захоўвалася ў ігумена мяцовага базыльянскага манастыра Язафата Бражыца. Пазней манах падараваў абраз шляхціцу Мікалаю Песляку, які ў 1692 годзе заснаваў уніяцкі манастыр у Барунах і пабудаваў там святыню.
Цудадзейнасць іконы праявілася яшчэ ў 1666 годзе. Першым сведкам гэтага стаў сам а. Язафат Бражыц, які праз заступніцтва Маці Божай у часы эпідэміі быў аздароўлены ад смяротнай хваробы. Праз некаторы час звышнатуральную моц абраза спазнаў і Мікалай Песляк, які спачатку не аднёсся да сведчання старога ігумена полацкага манастыра з належнай увагай. Калі ж у стане немачы яму аб’явілася Маці Божая і нагадала аб наказе манаха шанаваць падораную ікону, шляхціц усхвалявана дастаў рэліквію з куфэрка, дзе яна ляжала, завернутая ў тканіну.
У лютым 1693 года ікона Маці Божай Барунскай, якая праславілася шматлікімі цудамі і аздараўленнямі, афіцыйна была прызнана цудадзейнай.
Развіццё культу
Неўзабаве ўніяцкая царква ў Барунах, у якой захоўваўся цудадзейны абраз, згарэла, але ён захаваўся. У 1715 годзе ікона была ўрачыста змешчана ў асобнай капліцы адноўленай пасля пажару святыні. Вядома, што ўжо ў той час яна была ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і рэчамі з каштоўных металаў, якія ахвяравалі ўдзячныя вернікі.
Слава аб гэтым абразе распаўсюдзілася даволі хутка, аб чым сведчаць літаратурныя выданні аб ім, надрукаваныя ў 1712 і 1742 гадах. У тыя ж часы з іконы было зроблена некалькі спісаў для манастыроў.
У пачатку XIX стагоддзя ікона Маці Божай Барунскай з’яўлялася адной з самых шануемых на Віленшчыне і Гродзеншчыне.
Ушанаванне абраза
Лёс іконы пасля 1839 года, калі ордэн базыльянаў быў ліквідаваны тагачаснымі ўладамі, а яго дзейнасць забаронена, дакладна не высветлены. Паводле асноўнай з версій, манахі, ведаючы аб тым, што іх манастыр хутка будзе зачынены, загадзя перадалі ікону на захаванне надзейнай веруючай сям’і Важынскіх з Алян, падмяніўшы ў царкве арыгінал іконы на яе дакладную копію. Мяркуецца, што са сваімі апекунамі яна гасціла ў Кракаве, Закапанэ, Вільні…
У 1881 годзе святыня ў Барунах была пераасвечана ў праваслаўную царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы, а ў 1922 – у касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла. Пасля вяртання храма католікам арыгінальны абраз быў змешчаны на сваім ранейшым месцы. Паводле некаторых вусных звестак, арыгінал іконы загінуў падчас Другой сусветнай вайны.
Трэба адзначыць, што вакол амаль кожнай славутай святыні існуе шмат легенд і загадкавых гісторый, заснаваных як на пісьмовых крыніцах, так і на вусных сведчаннях. Не выключэннем з’яўляецца і ікона Маці Божай у Барунах, якая ўжо больш за тры стагоддзі ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.
Тым не менш, сёння цудадзейны барунскі абраз – адзін з самых шануемых у Беларусі. На цяперашні дзень гэта таксама самы малады каранаваны абраз. Урачысты абрад ускладання на яго спецыяльных біскупскіх карон здзейсніў у прысутнасці вялікай колькасці вернікаў біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Гістарычная падзея адбылася 12 кастрычніка 2024 года.
Віктар Малежык
