
З кожным годам Фарны касцёл у Гродне становіцца ўсё прыгажэйшы. У святыні праводзіцца рэстаўрацыя 13 алтароў, якая трывае ўжо на працягу амаль 20 гадоў.
Багатыя інтэр’еры, што былі падчас будаўніцтва, паступова вяртаюцца.
Не проста рамонт, а праца сэрца
У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося ўрачыстае асвячэнне адрэстаўрыраванага алтара Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Св. Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Разам з ім літургію канцэлебравалі біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч, пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі і іншыя святары.
На гістарычнай падзеі прысутнічалі кансэкраваныя асобы, вернікі катэдральнай парафіі і іншых гродзенскіх парафій. Прысутныя маліліся ў інтэнцыі ўсіх дабрадзеяў, якія падтрымалі рэстаўрацыю алтара.
Як заўважыў біскуп Уладзімір, святыня – гэта жывы дом Бога. “Нашы касцёлы не музеі, не проста архітэктурныя помнікі, хоць яны часта з’яўляюцца скарбамі культуры, а, перадусім, дом Бога і дом Божага народа. А дом патрабуе клопату. Калі мы аднаўляем алтар, гэта знак таго, што вера жыве, што наш народ не забывае пра свае карані, што Касцёл у Беларусі дыхае і расце”, – адзначыў іерарх.
Па словах біскупа, “рэстаўрацыя – гэта малітва, перакладзеная ў матэрыю”: “Любая рэстаўрацыя – не проста рамонт, гэта праца сэрца. Гэта павага да гісторыі, гэта захаванне памяці. Гэта ахвяра на карысць наступных пакаленняў”.

Дапамога ў самыя цяжкія хвіліны
Работы над алтаром трывалі крыху больш за год. Ён быў цалкам адноўлены з захаваннем свайго гістарычнага выгляду. Былі заменены састарэлыя драўляныя канструкцыі алтара, адрэстаўрыраваны разныя яго элементы. Цалкам адноўлена гістарычная ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі пачатку ХХ стагоддзя.
Да абраза Маці Божай на працягу стагоддзяў прыходзіла шмат пакаленняў вернікаў. “Колькі душ у нашай катэдры знайшлі перад гэтым абразом моц, калі прыходзілі, будучы на мяжы адчаю. Колькі разоў хто-небудзь з нас, можа, і без слоў, проста глянуў у Яе вочы і адчуў: «Я не адзін. Я не згублены. Бог блізка. Марыя са мной»”, – адзначыў у гаміліі ардынарый.
Па словах біскупа, на абразе ў вачах Найсвяцейшай Панны Марыі бачныя “сум, пяшчота і моц”, “Яна як бы кажа кожнаму: «Я з табой. Я нясу цябе да Сына»”, – а Дзіцятка Езус “прыціскаецца да Марыі, але адначасова глядзіць на крыж, які трымае анёл”. Іерарх патлумачыў гэта так: “Хрыстос прыйшоў у свет дзеля збаўлення, а Марыя вядзе нас да Божага Валадарства праз удзел у Яго Муках. Марыя не абяцае нам лёгкага жыцця. Яна абяцае спадарожніцтва. Абяцае, што не пакіне. Абяцае, што будзе з намі нават у цёмныя хвіліны”.
Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі вучыць даверу. Даверу там, дзе цяжка зразумець, сілы заканчваюцца, а шлях падаецца пустыняй. “Дапамога названа «нястомнай», таму што ў Божай любові няма перапынкаў. Марыя моліцца няспынна, Яна ўмее прыносіць Божую ласку ў самыя складаныя сітуацыі”, – дадаў біскуп.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі выказаў падзяку ўсім, хто прычыніўся да аднаўлення алтара: ахвярадаўцам, рэстаўратарам. Біскуп выказаў сваю веру ў тое, што гэты алтар стане месцам множання Божай ласкі: “Колькі людзей яшчэ прыйдзе да гэтага абраза! Колькі малітваў тут народзіцца! Колькі сэрцаў зменіць Бог праз мацярынскую прысутнасць Марыі!”.
Вярнуць страчанае
“Ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі была змешчана ў касцёле ў 1903 годзе. На даўніх фота можна заўважыць, што ў алтары раней размяшчаўся абраз Маці Божай Ружанцовай, прынесены ў катэдру з дамініканскага касцёла. Цяпер ён знаходзіцца ў правым бакавым алтары перад першай паўднёвай калонай”, – распавядае кс. Ян Кучынскі.
Па словах святара, алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі быў не ў самым горшым стане, у параўнанні з іншымі алтарамі, “адзінае – пазалота трохсотгадовай даўніны амаль уся знішчана часам”. “Ніжні ярус быў трохі пашкоджаны падчас ранейшых рамонтных работ, – гаворыць кс. Ян. – І людзі, якія іх выконвалі, вядома, не хацелі нічога папсаваць. Хацелі зрабіць як лепш, але зрабілі «як заўсёды» (усміхаецца – заўв. рэд.). Магчыма, у часы, пакуль касцёл быў зачынены і пробашча не было, людзі намагаліся штосьці адрамантаваць і пафарбавалі старую пазалоту бронзавай фарбай. Адразу яна блішчыць, але затым пачынае цямнець. З цягам часу алтар увесь быў у такіх плямах, на месцах, дзе падмалёўвалі. Гэта датычыць разьбы і калон”.

Задача рэстаўратараў палягала на тым, каб вярнуць першапачатковы выгляд алтара. Кс. Ян распавядае, што напачатку ён быў выкананы ў бардовых і карычневых колерах, пасля яго перафарбавалі ў белы. “Думаю, ён так гадоў 150 прастаяў, – дадае святар. – Зараз мы ўжо робім алтары ў адной колеравай гаме. Яны практычна ўсе з канца XVIII стагоддзя, і мы хочам, каб выглядалі падобным чынам, у адной стылістыцы”.
Застаецца яшчэ пяць алтароў
З 13 алтароў у катэдральнай базіліцы адрэстаўрыравана ўжо 8. “Самы першы, Маці Божай Кангрэгацкай, быў адноўлены пры біскупе Антоніі Дзям’янку, тагачасным пробашчы, астатнія 7 – ужо ў мой час”, – гаворыць кс. Ян Кучынскі. Святар тлумачыць, што рэстаўрацыйныя работы “праводзяцца не з жадання ўсё пакрыць золотам”, “гэта вымушаная праца, каб захаваць алтары, якая выпала акурат на наш час”.
Зараз рэстаўрацыі чакаюць апошнія 3 алтары, што знаходзяцца бліжэй да выхаду з касцёла, і 2 – у бакавых навах. Наступным у гродзенскай катэдры будзе адрэстаўрыраваны алтар св. Язафата Кунцэвіча.
Разважаючы пра маштабныя работы, якія распачаліся яшчэ ў пачатку 2000-х, кс. Ян жартуе: “Вечныя толькі дзве рэчы – Госпад Бог і рамонт храмаў”. Па словах пробашча, каб завяршыць працу над усімі алтарамі, спатрэбіцца яшчэ каля 10 гадоў.
6 снежня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адзначылі 320-ю гадавіну кансэкрацыі святыні. Амаль 35 гадоў таму, 15 снежня 1990 года, Апостальскай Сталіцай касцёлу быў нададзены тытул малой базілікі.
Ангеліна Пакачайла, Кацярына Паўлоўская
