
Час надзеі
Евангелле паказвае св. Яна Хрысціцеля, якога мы бачым у пустыні як чалавека простага, які жыве суровым жыццём: “[…] меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд” (Мц 3, 4). З іншага боку – як таго, хто паўстае перад намі як чалавек вялікай адвагі. Прарок прыйшоў не каб карміць людзей салодкімі прамовамі, а каб паказаць праўду, якая ўзрушыць іх сэрцы. Таму ён заклікае: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 3, 2), “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!” (Мц 3, 3).
У гэтым звароце і ў закліку да навяртання гаворка ідзе не пра штосьці сумнае. І справа не ў тым, каб пачаць біць сябе ў грудзі і востра адчуваць віну. Навяртанне, аб якім гаворыць Ян Хрысціцель, – гэта змена кірунку; гэта момант, калі чалавек адкрывае, што шлях, які ён выбраў, няправільны, і робіць пастанову навярнуцца.
У Адвэнце разважаем пра тое, каб адвесці ў сваім сэрцы месца для Бога. Гэта азначае неабходнасць адкінуць усё, што Яго засланяе: усялякі гнеў, непрабачэнне, ляноту, злосць, нянавісць, спешку, што акружаюць нас з усіх бакоў. Таму кожнаму трэба імкнуцца раскрываць недахопы ў сваім духоўным жыцці і шукаць нагоды для споведзі, каб паяднацца і стаць бліжэй да Бога.
Адвэнт нагадвае, што Езус прыйшоў не толькі калісьці даўно, у беднай стаенцы ў Бэтлееме – Ён прыходзіць цяпер. Прыходзіць да нас у Слове (параўн. Гбр 4, 12), прыходзіць на кожнай Эўхарыстыі (параўн. Ян 6, 51), прыходзіць у іншым чалавеку (параўн. Мц 25, 40), а таксама прыходзіць у ціхім руху сэрца (параўн. 1 Вал 19, 12).
Найважнейшая задача – распазнаць Хрыста і падрыхтаваць для Яго месца.
Няхай сёлетні Адвэнт будзе для нас часам надзеі, навяртання і міру. Памятаем, што Хрыстос прыходзіць не толькі каб нарадзіцца ў Бэтлееме, але і каб нарадзіцца ў нас (параўн. Гал 4, 19).
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду
