
Прыклады цярплівасці
З гісторыі мы ведаем, што хрысціяне ў першыя дзесяцігоддзі існавання Царквы чакалі хуткага вяртання Хрыста. Таму апосталы ў сваіх лістах раз-пораз супакойваюць “гарачыя голавы” ды заклікаюць да цярплівасці. У якасці прыкладу чакання спаўнення Божых абяцанняў апостал Якуб прыводзіць старазапаветных прарокаў: “За прыклад цярплівасці і велікадушнасці вазьміце, браты, прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана” (Як 5, 10).
У візантыйскай традыцыі ў час перадкаляднага посту, які доўжыцца 40 дзён, памяць прарокаў святкуецца ажно 5 разоў! Усходнія хрысціяне згадваюць Аўдзея, Навума, Абакума, Сафонію і Агея. Гэта г. зв. “малыя прарокі” – іх кнігі ў Старым Запавеце невялікія, і пра іх жыццё мы ведаем няшмат.
Так, прарок Навум абвяшчаў знішчэнне горада Ненівы. “Ты, Божы прарок Навум, быў светлаю хмараю, з якой цяклі струмені богапазнання, што паілі пітвом Божага суду хворы на бяспраўе горад Неніву”, – усхваляюць яго ўсходнія хрысціяне. Неніва была сталіцай магутнай Асірыйскай дзяржавы, якая сталася для Ізраіля сімвалам прыгнёту і адступніцтва ад веры ў адзінага Бога. Здавалася, нічога не магло знішчыць гэты горад, але праз кароткі час Неніва была зруйнавана і забыта.
Прарок Авакум прадказваў нашэсце на Ізраіль чарговых захопнікаў – халдэяў, але верыў у прыйсце Збаўцы, а адно з яго бачанняў Айцы тлумачылі як прадказанне абвяшчэння Евангелля па ўсім свеце. “Стоячы на Боскай варце, пачэсны Авакум пачуў невыказную тайніцу Твайго да нас прыйсця, Хрысце, і прадказаў яўна, што будзе сказана пра Цябе, бо бачыў наперад Тваіх апосталаў, што, быццам коні, узбурылі мора бязлікіх народаў”, – спявае Усходняя Царква.
І для нас сёння прарокі – прыклад чакання здзяйснення Божых абацанняў: і тых, касмічных, – другога прыйсця Хрыста, і нашых асабістых – вырашэння надзённых праблем, перамогі над уласнымі слабасцямі.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду
