Друкаваць

2020 12 02 FrancisXavier3 снежня, у дзень успаміну святога Францішка Ксавэрыя, аднаго з першых езуітаў і вялікага місіянера, прапануем адзін з апошніх яго лістоў, напісаны ім на выспе Шанчуань, дзе праз месяц з паловай пасля гэтага ён адышоў да Пана. На гэтую выспу славуты місіянер прыбыў з намерам трапіць у Кітай, каб абвяшчаць там хрысціянскую веру. У лісце святар не толькі апісвае акалічнасці свайго жыцця ў месцы, якое стане яго апошнім прыстанкам, але, дзелячыся разважаннямі і марамі аб місіі, адкрывае нам сваё сэрца апостала Хрыста.

Францішку Пэрэсу ў Малакку

22 кастрычніка 1552 г.

Па міласэрнасці і дабрыні Бога, нашага Пана, карабель Дыёга Пэрэйры і ўсе мы, хто плыў на ім, шчасліва прыбылі ў гэтую гавань Санчао (Шанчуань), дзе сустрэлі шмат іншых гандлёвых караблёў. Гэтая гавань знаходзіцца ў трыццаці лігах ад горада Кантао (Кантон, або Гуанчжоў). Шмат купцоў з Кантао прыязджаюць сюды, у Санчао, каб гандляваць з партугальцамі. Партугальцы настойліва цікавіліся ў іх, ці не захоча мяне ўзяць які-небудзь купец з Кантао. Усе выбачаліся, кажучы, што паставілі б жыццё і маёмасць пад вялікую рызыку, калі б губернатар Кантао даведаўся, што яны прывезлі мяне з сабой; і з-за гэтага яны ніякім коштам не хацелі забраць мяне на сваіх караблях у Кантао.

Спадабалася Богу, Пану нашаму, каб адзін дастойны чалавек, які жыве ў Кантао, прапанаваў узяць мяне за дзвесце крузадо ў невялікі човен, у якім не было б іншых маракоў, акрамя яго сыноў і слуг, каб ад маракоў губернатар Кантао часам не даведаўся б, што за купец мяне прывёз. Далей ён прапанаваў схаваць мяне ў сваім доме на тры-чатыры дні і як-небудзь раніцай да світання адвезці пад браму горада з маімі кнігамі і багажом, каб я мог адразу пайсці адтуль у дом губернатара і расказаць яму, што мы скіроўваемся туды, дзе знаходзіцца кітайскі імператар, і паказаць яму ліст, які мы атрымалі ад Яго Эксцэленцыі біскупа для імператара Кітая, і расказаць, што мы пасланыя Яго Высокасцю абвяшчаць Божы закон.

Паводле таго, што кажуць нам жыхары гэтай зямлі, нас могуць чакаць дзве небяспекі: па-першае, чалавек, што нас бярэ, як толькі яму заплацяць дзвесце крузадо, пакіне нас на якой-небудзь бязлюднай выспе альбо кіне нас у мора, каб пра справу не даведаўся губернатар Кантао; па-другое, калі ён адвязе нас у Кантао і мы трапім да губернатара, ён загадае нас катаваць альбо пасадзіць у турму, бо, на дзіва, у Кітаі існуе мноства забаронаў, паводле якіх ніводзін чалавек не можа там з’явіцца без імператарскага пропуску, бо імператар катэгарычна забараняе чужынцам уваходзіць на ягоную зямлю без яго дазволу. Акрамя гэтых дзвюх небяспек ёсць іншыя, значна большыя, якія не звязаныя з жыхарамі гэтай зямлі, і аб якіх вельмі доўга апавядаць, аднак я не абміну некаторыя з іх.

Першая з іх — гэта перастаць спадзявацца і давяраць міласэрнасці Бога, бо менавіта дзеля Яго любові і служэння мы збіраемся абвяшчаць Ягоны закон і Езуса Хрыста, Яго Сына, нашага Адкупіцеля і Пана, як Ён добра ведае. Паколькі ў сваёй святой міласэрнасці Ён даў нам гэтыя жаданні, не давяраць Яго міласэрнасці і моцы цяпер, з прычыны небяспек, у якіх мы маглі б сябе ўбачыць дзеля Яго служэння, — значна большая небяспека (бо калі будзем служыць Яму больш, Ён абароніць нас ад небяспек гэтага жыцця), чым зло, якое могуць учыніць нам усе ворагі Бога, бо без Божай волі і дазволу д’яблы і іх слугі не могуць нанесці нам ніякай шкоды.

І мы таксама павінны ўмацаваць сябе словам Пана, які кажа: «Хто любіць жыццё сваё ў гэтым свеце, загубіць яго, а той, хто загубіць жыццё сваё дзеля Бога, знойдзе яго», што адпавядае таму, што Хрыстус, наш Пан, таксама кажа: «Хто паклаў руку на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

Мы, разглядаючы гэтыя небяспекі для душы, значна большыя, чым для цела, лічым, што надзейней і бяспечней будзе прайсці праз пагрозы для цела, чым трапіць у духоўную небяспеку перад Богам. Такім чынам, мы напоўнены рашучасцю адправіцца ў Кітай любым спосабам. Я спадзяюся на Бога, нашага Пана, што вынік нашага падарожжа будзе павялічвацца нашай святой верай, незалежна ад таго, наколькі ворагі і іх слугі пераследуюць нас, бо «калі Бог за нас, хто супраць нас?».

Калі карабель адправіцца з гэтага порта Санчао ў напрамку Малаккі, маю надзею ў Богу, Пану нашым, што панясе ён вестку аб тым, як нас прынялі ў Кантао, бо з Кантао ў гэты порт заўсёды ходзяць чаўны, праз якія я змагу напісаць, што мы перажылі адсюль да Кантао і што зрабіў нам губернатар Кантао.

<…>

Калі мы прыбылі ў Санчао, то пабудавалі касцёл; і я служыў Імшу кожны дзень, пакуль не захварэў на ліхаманку. Хварэў пятнаццаць дзён; цяпер, дзякуючы міласэрнасці Божай, здароўе сваё паправіў. Не было недахопу і ў духоўнай працы, такой, як слуханне споведзяў, наведванне хворых і прымірэнне ворагаў. Цяпер я не ведаю, што вам яшчэ сказаць, акрамя таго, што мы цвёрда пастанавілі скіравацца ў Кітай. Усе кітайцы, якіх мы бачылі, я маю на ўвазе паважаных купцоў, выказваюць радасць і жаданне, каб мы прыбылі ў Кітай, бо ім здаецца, што мы прыносім закон, запісаны ў кнігах, які будзе лепшы за іхні, альбо таму, што ім даспадобы ўсё новае. Яны паказваюць, што ім усім вельмі прыемна, але ніхто не хоча ўзяць нас з-за небяспекі, якая можа іх напаткаць.

<…>

Я кожны дзень чакаю кітайца, які павінен прыехаць з Кантао і забраць мяне з сабой. Няхай спадабаецца Богу, каб ён з’явіўся, як мне гэтага хочацца, бо ў тым выпадку, калі Бог гэтага не жадае, я не ведаю, што мне рабіць: ці выпраўляцца ў Індыю, ці ў Сяо, каб там я мог далучыцца да пасольства, якое кароль Сяо накіроўвае імператару Кітая. Я пішу вам гэта для таго, каб вы маглі паведаміць Дыёга Пэрэйры, што калі ён будзе ў Кітаі і знойдзе нейкі спосаб пісаць мне ў Сяо, няхай напіша, каб мы сустрэліся там ці ў іншым кітайскім порце. Падтрымлівайце цеснае сяброўства з Дыёга Пэрэйрай як у Малакке, так і ў Індыі, давяраючы яго перш за ўсё Богу, а затым дапамагаючы яму любым іншым чынам, бо ён надзейны сябра Таварыства.

Няхай Хрыстус, наш Пан, удзеліць нам сваю дапамогу і ласку. Амэн.

З Санчао, сёння, дваццаць другога кастрычніка 1552 года.

Цалкам твой у Хрысце,

Francisco.

Паводле Catholic.by