Друкаваць

sunset 5489292 1280Напэўна, “рай на зямлі” быў бы дасягнуты, калі б жыццё кожнага з нас прыносіла такі ж вялікі плён, як зямная вандроўка бл. Ганарата Казьмінскага.

Манах нарадзіўся ў Бялай Падлясцы (Польшча) у складаныя для Рэчы Паспалітай часы – перыяд яе падзелу. Выхоўваўся ў глыбока рэлігійнай сям’і, аднак, нягледзячы на гэта, страціў веру ў падлеткавым узросце. Ганарат узбунтаваўся супраць Бога: блюзніў, адварочваў іншых ад Госпада, насміхаўся над вернікамі і духавенствам.

У студэнцтве юнака западозрылі ў змове супраць царскай улады і кінулі ў вязніцу. Зняволены, ён захварэў на тыф, ад чаго моцна пакутаваў. У гэты самы час перажываў моцнае ўнутранае навяртанне. Апынуўшыся на свабодзе, уступіў у Ордэн Братоў Меншых (капуцынаў).

Неўзабаве царскія ўлады пачалі ліквідаваць кляштары. Усе сферы касцёльнага жыцця паступова ахапіў паліцэйскі тэрор. А. Ганарат настойліва шукаў спосаб дапамагчы Касцёлу ў час пераследу. Узор для новай формы манаскага жыцця знайшоў у таямніцы ўкрыцця Бога перад светам, ва ўтоеным жыцці Езуса і Марыі ў Назарэце.

786007 zDsL Lo05s06 Fot2 83

Пэнітэнтаў, якія адкрывалі ў сабе пакліканне да манаскага жыцця і жадалі выехаць за мяжу па прычыне закрытых навіцыятаў, а. Ганарат заахвочваў застацца на радзіме. “Паколькі гэта плод мясцовы, яны павінны застацца тут, няправільна пазбаўляць гэтую зямлю спелага, найпрыгажэйшага плода, які яна прынесла”, – разважаў айцец. Ён пачаў фарміраваць супольнасці, якія абапіраліся на пэўныя сацыяльныя або прафесійныя групы. З правіл пакінуў асноўныя патрабаванні манаскага жыцця: захаванне шлюбаў чыстасці, убогасці і паслухмянасці.

Разам з тым, не было хабіту і жыцця ў доме манаскай супольнасці. Існавала свабода працы і заробкаў, а таксама свабода ў распараджэнні грашыма.

Такім чынам а. Ганарат паклаў пачатак новай форме скрытага манаскага жыцця – без знешніх адзнак. Ён заснаваў 26 рэлігійных супольнасцей.

Цяпер з іх існуе 16: 3 хабітовыя і 13 бесхабітовых. Толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў “ганарацкіх супольнасцях” налічвалася каля 10-ці тысяч братоў і сясцёр. Іх дзейнасць з часам прынесла плён далёка за межамі краіны на 4-ох кантынентах. Супольнасці а. Ганарата нясуць дабрачыннае і апостальскае служэнне сярод школьнай моладзі і рамеснікаў, на прадпрыемствах і сярод вяскоўцаў, у прытулках для старых асоб і інвалідаў.

С. Хэлена Пляхімовіч з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі пра бесхабітовае служэнне

сёстры беззаганкі

С. Хэлена Пляхімовіч (другая злева). Кангрэгацыя Дачок Беззаганнай Марыі – адна з супольнасцей, заснаваных бл. а. Ганаратам Казьмінскім

Узнікненне бесхабітовых супольнасцей абумоўлена абставінамі часу, калі царскія ўлады ціснулі на Касцёл і кансэкраваным асобам неабходна было ўкрывацца. Аднак патрэба служэння бесхабітовых сясцёр, на маю думку, застанецца актуальнай да таго часу, пакуль людзі будуць адчуваць неабходнасць у духоўнай апецы, малітоўнай падтрымцы і звычайным хрысціянскім прыкладзе чалавека, што знаходзіцца побач. Чалавека, які, прынамсі, з выгляду такі ж, як яны.

Я расла ў часы савецкай атэізацыі, і мой кантакт з Богам канцэнтраваўся на нядзельнай св. Імшы, на якую прыходзілі ўсёй сям’ёй, штодзённай вячэрняй малітве з мамай (бацька заўсёды маліўся адзін) і захаванні хрысціянскіх традыцый. Калі я вучылася ў 7-ым класе, у парафію прыбыла служыць с. Агнешка з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі. Яна рыхтавала дзяцей да Першай св. Камуніі, а нас, дзяўчат, часта запрашала да сябе дадому на малітву і адпачынак. Як пасля даведаліся, у гэтым доме жылі іншыя манаскія сёстры, якія не насілі хабіт.

Калі я назірала за с. Агнешкай, мне вельмі падабалася, як яна паводзіць сябе з дзецьмі, мяне цягнула на малітоўныя сустрэчы, аднак пра манаскае жыццё ў той час я нават мімаходам не думала. З дзяцінства марыла пра вялікую сям’ю, каханага мужа і ўласны дом. Аднак Бог накіраваў у іншае рэчышча.

Калі напярэдадні заканчэння школы с. Агнешка прапанавала нам паехаць на экскурсію ў Польшчу, я нават выпускны прапусціла, каб мець магчымасць адправіцца ў вандроўку па замежнай краіне. Першым месцам для прыпынку на начлег быў дом супольнасці нашай сястры. І там у мяне ўпершыню з’явілася пачуццё, нібыта знаходжуся ў сваім канчатковым пункце зямнога шляху: ва ўласным доме, сярод сваёй сям’і.

book 2073021 640

Вярнуўшыся дадому, я падзялілася ўражаннямі з мамай. Нягледзячы на слёзы, яна мяне падтрымала. Наперадзе была складаная размова з татам… З цягам часу жаданне прысвяціць сябе Богу толькі ўзмацнялася, а Езус адначасова перамяняў сэрца майго бацькі. Нарэшце ён пагадзіўся з рашэннем дачкі стаць манахіняй, пры ўмове, што гэта зробіць мяне шчаслівай. Такім чынам, я паступіла ў аспірат нашай кангрэгацыі ў Польшчы.

Кангрэгацыя Дачок Беззаганнай Марыі была заснавана дзеля праслаўлення Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, таму кожная сястра з нашай супольнасці з першых дзён манаскага жыцця становіцца ўласнасцю Марыі. Мы прыносім сябе ў ахвяру Маці Божай як зброю для выратавання бліжніх малітвай і працай у патрэбах душы і цела, а таксама ўласным прыкладам. Пакліканы быць анёламі-апекунамі для жыхароў мястэчак.

Мы, бесхабітовыя сёстры, амаль нічым не адрозніваемся ад іншых манахінь, акрамя таго, што не носім бачных адзнак, якія сведчылі б пра наш статус у грамадстве (наконт знешняга выгляду ў статуце Кангрэгацыі запісана, што адзенне павінна адрознівацца эстэтыкай і сціпласцю). Маем 4 характэрныя рысы супольнасці:

1. Дух Марыі – па прыкладзе Багародзіцы жывём у свеце, але сэрцам знаходзімся побач з Богам;
2. Францішканізм – па прыкладзе св. Францішка з Асізі бачым Бога ў кожным стварэнні;
3. Узнагароджванне – нашым жыццём узнагароджваем Госпаду за кожны грэх, якім раніў Яго чалавек;
4. Укрыццё – сведчым аб святасці жыцця чыстым сумленнем і сэрцам цалкам адданым Богу.

Сёстры з нашай супольнасці вядуць апостальскую дзейнасць у Лідзе, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Свіры.

У асноўным, нашым пакліканнем з’яўляецца праца ў розных установах – там, дзе афіцыйна Касцёл не мае магчымасці прысутнічаць. Таму сёстры заўсёды маюць вышэйшую адукацыю, якая дазваляе быць задзейнічанымі сярод розных свецкіх прафесій. Аднак, улічваючы, што на дадзены момант Касцёл у нашай краіне мае патрэбу ў большай катэхізацыі, мы служым дзецям, моладзі і старэйшым асобам пры парафіях.

Я моцна ўдзячная Богу і Марыі, якія, нібы любячыя бацькі, на працягу амаль 30-ці гадоў вядуць мяне па дарозе да святасці і дазваляюць несці святло Евангелля паўсюль, куды можа дайсці звычайны чалавек.

Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"