Друкаваць

john paul II liberating continentСвятасць – дар і заданне для свецкіх так жа, як для манахаў і святароў.

Папа Ян Павел ІІ ведаў жыццё свецкіх людзей. Яшчэ як маладзён вёў актыўнае жыццё, быў камунікатыўнай асобай. Шмат часу праводзіў у асяроддзі інтэлектуалаў, уключыўшыся ў тэатральную дзейнасць. Бачыў праблемы людзей, якія займаліся фізічнай працай, калі сам падчас акупацыі, працаваў у кар’еры, пазней – на хімічнай фабрыцы, у каменяломні.

Гэты перыяд жыцця Ян Павел II у адным са сваіх інтэрв’ю назваў “асаблівым дарам Божага Провіду”. Ён аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне будучага Папы.

У кнізе “Дар і таямніца” Пантыфік пісаў: “Я спатыкаўся штодзённа з людзьмі цяжкай працы, пазнаў іх асяроддзе, іх сем’і, іх зацікаўленасці, людскую каштоўнасць і годнасць. Асабіста дазнаў ад іх шмат зычлівасці. […] Пасябраваў шмат з кім з працаўнікоў. Неаднойчы яны запрашалі мяне ў свае дамы.


popejpii


Ужо будучы святаром і біскупам, хрысціў іх дзяцей і ўнукаў, бласлаўляў сужэнствы і праводзіў шмат чые пахаванні”. Святы Айцец пазнаў рэчаіснасць жыцця простых людзей, глыбокую чалавечнасць таго жыцця, нягледзячы на прыхільнасці і грахі, прыналежныя аднаму ці другому.
На пасадзе наступніка св. Пятра Ян Павел II шмат сустракаўся са свецкімі асобамі, пачынаючы ад вядомых палітыкаў, заканчваючы простымі работнікамі. Узгадваючы свайго папярэдніка, Бенедыкт XVI аднойчы заўважыў: “Папа Ян Павел ІІ быў, без сумнення, чалавекам, які асабіста сустрэўся ў наш час з самай вялікай колькасцю людзей ва ўсім свеце. Не ўдасца падлічыць тлумы асоб, якім ён паціснуў далонь, да якіх прамаўляў, з якімі маліўся і якіх блаславіў”.

Падчас пантыфікату папа Ян Павел ІІ шматразова звяртаў увагу на ролю свецкіх хрысціян у жыцці і дзейнасці Касцёла і свету. У 1987 годзе ён склікаў сінод біскупаў, тэмай разважанняў якога быў ляікат. Узгаданая тэматыка пасяджэнняў была вяртаннем да навучання ІІ Ватыканскага сабору, які таксама засяроджваўся над каштоўнасцю і роляй свецкіх асоб у Касцёле і свеце.

Пасля ўзгаданага сінода Папа выдаў адгартацыю “Christifideles Laici” (“Свецкія католікі”), у якой пісаў так: “Свецкія асабліва пакліканы да таго, каб вяртаць стварэнню ўсю яго першасную вартасць”. Гэта своеасаблівая святарская місія кожнага верніка (“святарская” ад паняцця супольнага, паўсюднага святарства). У дакуменце Ян Павел II заўважае, што праз хрост кожны са свецкіх вернікаў пакліканы да такой місіі. “Удзел свецкіх людзей у патройным пасланніцтве Хрыста менавіта таму, што паходзіць з прыналежнасці да касцёльнай супольнасці, павінен быць перажыты і рэалізаваны ў супольнасці і для супольнасці”. Да таго ж, гэты удзел непадзельна звязаны з літургічным святарствам, бо “распачынаецца разам з намашчэннем хросту, развіваецца праз канфірмацыю, а ў Эўхарыстыі знаходзіць спаўненне і поўную сілы падтрымку”.

ad44 e1585217707400

Важна адзначыць, што папа Ян Павел II разважаў пра святарскую місію свецкіх людзей не як пра сталае знаходжанне ў касцёле на кожным набажэнстве і шматгадзінную адарацыю штодня, а як пра “ўчынкі, малітвы і апостальскія заданні, сужэнскае і сямейнае жыццё, штодзённую працу, адпачынак духа і цела, калі адбываецца ў Духу”. Па яго словах, заангажаванасць у паслугі і заданні Касцёла не павінна прыводзіць да занядбання асноўных абавязкаў у прафесійным, грамадскім, гаспадарчым, культурным і палітычным жыцці.

Кацярына Паўлоўская, паводле "Слова Жыцця"