Друкаваць

swieta korona nczasКалі ўвесь свет церпіць ад пандэміі каранавірусу, варта ўзгадаць асобу святой Кароны, мучаніцы першых стагоддзяў хрысціянства і заступніцы ад эпідэмій, успамін якой прыпадае 14 мая.

Хоць святая Карона была калісьці вельмі папулярнай у Касцёле, пра яе жыццё вядома зусім няшмат.

Лічыцца, што яна нарадзілася каля 160 года і магла паходзіць з тэрыторыі сённяшняга Егіпта або Сірыі. Мучаніцкую смерць за веру прыняла ў 177 годзе (паводле іншых звестак, яна жыла ў 287–303 гадах).

Як апавядае жыццярыс, у маладым узросце Карона выйшла замуж за рымскага жаўнера Віктара, хрысціяніна з Сіены. Падчас пераследу хрысціянаў Віктар не згадзіўся адрачыся ад веры, за што быў пакараны смерцю. Маладая ўдава следам за сваім мужам таксама прыняла мучаніцкую смерць за веру падчас пераследу ў часы цэзара Антонія Пія або Дыяклетыяна.

Паводле эфіопскага жыццярысу, Віктар і Карона абодва належалі да хрысціянскай супольнасці.

Ушанаванне святых мучанікаў Віктара і Кароны з цягам часу распаўсюдзілася ва ўсім Касцёле на розных кантынентах: у Азіі, Афрыцы і Еўропе. У розных версіях жыццярысу месцам іх мучаніцкай смерці называецца Дамаск у Сірыі, Антыёхія на поўдні сучаснай Турцыі, Александрыя ў Егіпце, Сіцылія і Марсэль.


christianity 772988 640


Рэліквіі верных сужонкаў-хрысціянаў з VI стагоддзя захоўваюцца ў прысвечаным ім касцёле ў Кастэльфідарда, што на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора непадалёк ад Анконы (Італія). Часткі рэліквій ужо ў Сярэднявеччы былі прывезены таксама ў Ахен і Прагу. У гэты час святых Віктара і Карону ўшаноўваюць у Баварыі, Чэхіі і Ніжняй Аўстрыі.

Яны лічацца ўзорам вернасці ў веры і ахоўнікамі ад эпідэмій.

У Ніжняй Аўстрыі традыцыйна адбываліся штогадовыя пілігрымкі ў гонар святой Кароны. У 1504 г. у мястэчку Санкт-Карона-ам-Вексэль на камлі ліпы была знойдзена разблёная фігура святой і пабудавана капліца ў яе гонар. У Вене да сённяшняга дня дзейнічае аптэка святой Кароны.

У Каталіцкім Касцёле ўспамін святой Кароны прыпадае 14 мая, адначасова са святам святога апостала Мацея. Сёлета ў гэты дзень ва ўсім свеце прадстаўнікі розных рэлігій узносяць малітвы да Бога Стварыцеля аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу, падмацоўваючы свае просьбы постам і ўчынкамі міласэрнасці.

Паводле catholic.by