Друкаваць

euharyja2Сястра Эўхарыя з Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі), якая зараз служыць у Сапоцкіне, у 1977 г. была ў групе моладзі, што прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук кардынала Караля Вайтылы, арцыбіскупа Мітрапаліта Кракаўскага – пазней Папы Яна Паўла ІІ.

Гэта адбылося 17 верасня 1977 г. у парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Халцнове, якая належала да Кракаўскай архідыяцэзіі. Праз год, 16 кастрычніка 1978 г., кардынал Вайтыла быў абраны на Святы Пасад. Сёлета адзначаецца 40-я гадавіна гэтага яго абрання 264-м кіраўніком Касцёла.

Пра той памятны дзень канфірмацыі, які застаўся ў яе сэрцы, с. Эўхарыя распавяла спецыяльна для grodnensis.by.

Як расказала манахіня, перш чым шаноўны госць прыбыў у яе родную парафію, катэхеты праінфармавалі маладых людзей, што трэба быць падрыхтаванымі, таму што ў ходзе святой Імшы, калі ўдзяляецца сакрамэнт канфірмацыі, у той момант, калі звычайна прамаўляецца гамілія, кардынал Вайтыла можа праэкзаменаваць іх, бо мае такі звычай.

“Гэта быў тады ў Польшчы адзін з іерархаў, які задаваў пытанні моладзі, калі ўдзяляў гэты сакрамэнт. Тады не было гаміліі (пастырскае слова ён прамаўляе на заканчэнне Імшы), ён сыходзіў з прэзбітэрыя да вернікаў. Падобна было і ў дзень маёй канфірмацыі. Ён пайшоў да нас. Апытаў палову нашай групы. Мы сталі ў два шэрагі: хлопцы з аднаго боку, дзяўчаты – з іншага. Спачатку ён прайшоў да паловы гэты шэраг хлопцаў, задаючы па чарзе кожнаму пытанне. Потым перайшоў на другі бок, да дзяўчат, і пачаў далей пытацца.


jp euharyja


Падышоў таксама да мяне і задаў наступнае пытанне: “Прашу пералічыць усе кнігі Новага Запавету”. Тады з лёгкім спалохам – памятаю гэты момант і сёння – я адказала яму: “Чатыры Евангеллі, Дзеі апосталаў, Пасланні апосталаў, Апакаліпсіс святога Яна””, - апавядае с. Эўхарыя.

Серафітка адзначае, што ў тыя часы на экзамене перад сакрамэнтам канфірмацыі было 150 пытанняў, на якія трэба было ведаць адказы і якія ў дзень канфірмацыі кардынал Вайтыла ім задаваў.

“Калі пробашчы пыталіся ў кардынала, чаму ён мае такі звычай экзаменавання, ён казаў, што, каб вера ўмацоўвалася, трэба вучыцца, павінны быць веды. Калі чалавек не будзе мець ведаў, то вера будзе слабець”, – дадае сястра.

Манахіня жыва прыгадвае тыя часы, калі ездзіла, будучы дзяўчынай, на рэкалекцыі “аазісу”. “Кардынал Вайтыла меў таксама звычай наведваць дзяцей і моладзь, якія адпачывалі там. Кожны раз ён прывозіў нам цукеркі. Разам з намі маліўся, спяваў, размаўляў – быў такім простым і даступным чалавекам, не ствараў ніякіх бар’ераў”, – кажа яна.

Сястра Эўхарыя бязмежна ўдзячная Богу за тое, што Ён паставіў на шляху яе жыцця кардынала Вайтылу – сёння ўжо святога Яна Паўла ІІ, – які ўсім сваім сэрцам, усёй душой і з усіх сіл любіў Бога і кожнага чалавека. І яна пераканана, што сёння з дому Айца ў небе ён глядзіць на свет і нястомна благаслаўляе яго.

Kс. Юрый Марціновіч