Друкаваць

vatican 792189 1280Яго называюць “добрым папам Янам”, “Янам усміхнутым” і “Янам пакорным”. У памяці вернікаў застаўся як асоба з вялікай душой, поўнай жывой веры і любові да бліжняга. У яго сардэчным і зычлівым выразе твару бачылі адлюстраванне самога Бога. З’яўляецца, між іншым, заступнікам экуменічнага руху.

Прыстасаваў Касцёл да сучаснасці 

Анджэла Джузэпэ Ранкалі нарадзіўся 25 лістапада 1881 года ў Італіі ў беднай сялянскай сям’і. Яго маці была вельмі веруючай асобай. Нарадзіла 11 дзяцей, з якіх Анджэла быў 4-ым. 

Маючы 12 гадоў, хлопец паступіў у ніжэйшую духоўную семінарыю ў Бергама, якая была ў той час адным з самых прэстыжных месцаў адукацыі будучых святароў. Пасля атрымання стыпендыі за добрыя вынікі ў вучобе быў пераведзены ў Рымскую папскую семінарыю. У 1902 годзе перапыніў навучанне на год, каб адбыць ваенную службу. Пасля яе заканчэння абараніў дактарат па тэалогіі і прыняў святарскія пасвячэнні.

Як маладому святару Анджэла Ранкалі даручылі функцыю сакратара біскупа Бергама Джакама Радзіні Тэдэскі. У той жа час ён выкладаў у семінарыі, быў рэдактарам бюлетэня “Дыяцэзіяльнае жыццё”, супрацоўнічаў таксама з іншым мясцовым каталіцкім часопісам, быў душпастырам “Каталіцкай акцыі”. Запісваў свае духоўныя нататкі, якія пазней былі выдадзены пад назвай “Дзённік душы”. Натхняўся паставай святых: Караля Барамея, Францішка Сальскага і Рыгора Барбарыгі.

У 1925 годзе атрымаў біскупскія пасвячэнні. Сваім дэвізам абраў словы “Obedientia et Pax” (“Паслухмянасць і супакой”). 


janXXIII herb


У наступныя гады выконваў функцыі апостальскага дэлегата ў Балгарыі, у Турцыі і Грэцыі (па чарзе), а таксама Апостальскага нунцыя ў Парыжы. 

У 1953 годзе Анджэла Ранкалі атрымаў тытул кардынала і стаў патрыярхам Венецыі. У 1958 годзе, пасля смерці Пія XII, падчас 3-дзённага канклава быў выбраны Папам і ўзяў імя Ян ХХІІІ. На працягу чарговых 4-ох гадоў рыхтаваўся да ІІ Ватыканскага сабора. Гэты сабор ініцыяваў новы спосаб прысутнасці Касцёла ў свеце, заклікаў да адновы жыцця. У наступстве ён даў таксама імпульс да паяднання з хрысціянскімі Касцёламі і дыялогу з іншымі рэлігіямі.

Ян XXIII памёр пасля цяжкай хваробы 3 чэрвеня 1963 года. Беатыфікаваны 3 верасня 2000 года Святым Айцом Янам Паўлам II, кананізаваны 27 красавіка 2014 года папам Францішкам. 

Чаму мы можам навучыцца ў св. Яна ХХІІІ?       

Святы пакінуў людзям пасланне, каб заўсёды шукалі тое, што павінна іх аб’ядноўваць, а не раздзяляць. Шукалі тое, што супольнае, каб маглі ісці далей, справіцца з магчымымі адрозненнямі, шукалі дарогі да больш дасканалай еднасці, якая дазваляе вырашаць вялікія праблемы сучаснага чалавека і супрацьстаяць ім. 

Цікава! 

Упершыню ў гісторыі Касцёла Ян XXIII як Папа прыняў на аўдыенцыі англіканскага арцыбіскупа кентэрберыйскага Джэфры Фішэра. Ён быў таксама першым Пантыфікам, які наведаў прэзідэнта Італіі ў Квірынале. Дзякуючы намаганням Святога Айца Каталіцкі Касцёл удзельнічаў у ролі назіральніка ў асамблеі Сусветнай рады Цэркваў, якая праходзіла ў Дэлі ў 1961 годзе. 

З вуснаў святога

“І добрая маці вартая столькі, колькі 100 настаўнікаў”. 

Літургічны ўспамін

Касцёл узгадвае св. Яна XXIII 11 кастрычніка, у гадавіну склікання II Ватыканскага сабора.

 

Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"