Друкаваць

 the framework 1138289 1280З вялікім клопатам і любоўю святы служыў самым бедным і патрабуючым. Будучы арцыбіскупам, будаваў бальніцы, школы для дзяцей з ніжэйшых сацыяльных класаў, фундаваў прытулкі для калек і пажылых людзей, для бяздомных і сірот. Прызначаў на гэта ўсю сваю маёмасць.

Шчодры да ўбогіх, ён сам жыў бедна. Падчас панавання чумы ў роднай мясцовасці прадаў усю сваю мэблю, нават ложак. Абмежаваўся такімі ж умовамі жыцця, якія мелі яго падапечныя ў лазарэтах. Падчас эпідэміі воспы загадаў адкрываць усе свірны і раздаваць ежу патрабуючым, з-за чаго ўдавалася накарміць да 60-70 тысяч чалавек у дзень. Заклікаў аказваць дапамогу хворым, даючы ўласны прыклад наведваннем шпіталяў, здзяйсненнем духоўнай паслугі, фінансавай падтрымкай інфіцыраваных і іх сем’яў.

Св. Караль Барамей з’яўляецца заступнікам душпастыраў, катэхетаў, катэхуменаў, духоўных кіраўнікоў, біскупаў, семінарыстаў. Яго просяць аб дапамозе таксама ў выпадку чумы, захворванняў страўнікава-кішэчнага тракту.

Малады стаў кардыналам

Караль нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 года у Арона, на беразе возера Лага-Маджорэ (Італія). Быў 3-ім з 6-ых дзяцей у сям’і Гілберта Барамея і Маргарыты Медычы (сястры папы Пія IV) – адным з важнейшых арыстакратычных родаў Ламбардзіі.

Ужо ва ўзросце 7-мі гадоў Караль быў прызначаны да духоўнага стану і атрымаў клерыцкі ўбор. Маючы 16 гадоў, страціў бацькоў. Апеку над хлопцам узяў яго дзядзька кардынал Джавані Анджэла Медычы.

Першапачаткова навучаўся ў родным замку. Пасля атрымання хатняй адукацыі паступіў ва ўніверсітэт у Павіі (Італія), які скончыў падвойным дактарантам па касцёльным і грамадскім праве. Ужо тады быў чалавекам надзвычай набожным і старанным як у веры, так і ў працы.

Як толькі дзядзьку Караля абралі на Святы Прастол, ён паклапаціўся пра перавод у Рым свайго маладога сваяка. Ва ўзросце 21 год юнак стаў дзяржсакратаром і кардыналам, хоць не быў яшчэ ксяндзом. Быў асвечаны на святара толькі ў 1563 годзе. У тым жа годзе атрымаў біскупскую сакру. Яго крэда можна акрэсліць 2-ма словамі: малітва і аскетызм.

Быў адным з аўтараў рэформы Касцёла ў XVI стагоддзі, здзейсненай Трыдэнцкім саборам. Належаў таксама да кола заснавальнікаў інстытута духоўных семінарый.

Памёр у Мілане ноччу з 3 на 4 лістапада 1584 года ад малярыі. Беатыфікаваны папам Кліментам VIII у 1602 годзе, кананізаваны праз 8 гадоў папам Паўлам V.

Orazio Borgianni St Carlo Borromeo WGA2468

Чаму мы можам навучыцца ў св. Караля Барамея?

Караль ішоў за Хрыстом ва ўбостве і пакоры. Выхаваны пры двары, у раскошы, ён здолеў адрачыся ад усяго. Святы вучыць нас стараннасці і адданасці ў штодзённым служэнні людзям, якіх Божы Провід ставіць на жыццёвым шляху.

Цікава!

Святому рэдка ўдавалася спаць больш за 4-5 гадзін. Мог усю ноч правесці за малітвай і роздумам. Клаўся на звычайнай койцы. Брэвіярый адгаворваў на каленях. Харчаваўся хлебам і вадой, часам спажываў гародніну. Зімой адмаўляўся ад ацяплення. Насіў валасяніцу.

З вуснаў святога

“Калі полымя Божай любові ўжо разгарэлася ў табе, не раскрывай яго паспешна, не выстаўляй на вецер. Сачы за агнём, каб не пагас і не страціў свайго цяпла” (“Acta Ecclesiae Mediolanensis”, 1599).

Літургічны ўспамін

Касцёл узгадвае св. Караля Барамея 4 лістапада.

Кс. Юрый Марціновіч