Друкаваць

papialuszkaУ суботу, 19 кастрычніка, Каталіцкі Касцёл успамінаў гадавіну мучаніцкай смерці кс. Ежы Папялушкі. Святар, патрыёт і душпастыр рабочых роўна 29 гадоў назад быў забіты спецагентамі МУС Польскай Народнай Рэспублікі за сваю дзейнасць. Падчас беатыфікацыі, папа Бэнэдыкт XVI назваў гэты дзень “днём нараджэння кс. Ежы для неба”. Вашай увазе прадстаўляем адно з казанняў блаславёнага з т.зв. св. Імшы за Радзіму. Амаль праз тры месяцы пасля гэтай гаміліі кс. Папялушка быў забіты.

Cённяшняя літургія звяртае нашу ўвагу на постаць святога Яна Хрысціцеля. Ян Хрысціцель – чалавек, які падрыхтаваў сэрцы людзей да спаткання з Тым, хто павінен быў прыйсці пасля яго, а менавіта з Езусам Хрыстом. Яшчэ прарок Ісая сказаў, што ён “голас лямантуючага ў пустыні” (Ян 1,23), паказваючы чалавека смелага і справядлівага, які не баіцца паказваць зло і несправядлівасць нават каралю забраўшаму жонку у свайго брата.

З’яўляючыся мужным і справядлівым чалавекам, Святы Ян Хрысціцель можа быць апекуном і прыкладам для ўсіх тых, хто сёння хоча будаваць сваё жыццё на фундаменце справядлівасці, праўды і любові.

Справядлівы чалавек гэта той, хто кіруецца ў сваім жыцці праўдаю і любоўю. Калі чалавек перапоўнены любоўю і праўдаю, тым больш у ім і справядлівасці. Справядлівасць павінна ісці ў пары з любоўю, бо без любові яна не можа праявіцца ва ўсёй сваёй паўнаце. Дзе недахоп любові, дабра, там гэтае месца займаюць нянавісць і гвалт. А калі кіруешся гвалтам і нянавісцю, то ці можна ў такім выпадку гаварыць аб справядлівасці? Менавіта па гэтай прычыне ў краінах, дзе ўлада будуецца не па прынцыпах любові і службы людзям, а наадварот, на гвалцеі і няволі, так балюча адчуваецца і відочная несправядлівасць.

Супакою сумлення, супакою ў сям’і, супакою на роднай зямлі, а самае галоўнае – супакою ва ўсім свеце можна дасягнуць дзякуючы справядлівасці якая грунтуецца на любові. Мы ўсе, без выключэння, жадаем супакою. Але супакой не захаваеш толькі на словах, хоць бы і шчырых, не гаворачы пра дэмагагічныя. Для дасягнення міру і супакою ў Бацькаўшчыне, стварэння неабходных умоваў для радаснага і плённага жыцця на роднай зямлі, найперш трэба адхіліць сацыяльную несправядлівасць. Занадта шмат асабістых і сацыяльных крыўд вынікае з таго, што справядлівасць не ідзе разам з любоўю, мае шмат недахопаў, а з часам перарастае ў надзвычайную несправядлівасць. Звернем нашу ўвагу на некаторыя відочныя праявы несправядлівасці.


 

Для кожнага хрысціяніна галоўнай крыніцай справядлівасці з’яўляецца сам Бог. Цяжка гаварыць аб справядлівасці там, дзе няма месца для Бога і Яго запаведзяў. Справядлівасць патрабуе ад сучаснага чалавека, у пераважнай большасці ад хрысціяніна, яснага ўсведамлення той крыўды, якую прыносіць законна дазволеная атэізацыя.

Справядлівасць забараняе нішчыць у душах дзяцей і моладзі хрысціянскія каштоўнасці, атрыманыя яшчэ ад калыскі.

Справядліва жыць і аб справядлівасці гаварыць – абавязак кожнага, без выключэння, бо як сказаў Платон: “ня добрыя тыя часы, калі справядлівасць набірае ў вусны вады”. Справядлівасць падказвае чалавеку добрасумленна прасейваць праз сіта ўласнага розуму і ўласных назіранняў бязмерны паток прапаганды. Справядлівасць гаворыць заўсёды кіравацца добрай воляй і любоўю ў адносінах да іншага чалавека, які быў створаны на вобраз і падабенства божае, дзякуючы чаму з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю пасля Усявышняга. Менавіта таму і ў акце правасуддзя любоў чалавека павінна стаць на першае месца.

Справядлівасць забараняе абмяжоўваць свабоду чалавека прыняццем новых і выгодных для ўлады заканадаўчых актаў. Варта прыгадаць усім тым, хто сёння абвяшчае, што дзейнічае ў духу гуманізму, што кіруецца толькі сацыяльным дабрабытам словы аднаго мудраца: “Чым больш абмежаванняў грамадзянскай свабоды, тым менш гуманны дзяржаўны лад краіны”.

Гэта справядлівасць і права праўды нагадваюць аб абмежаванні свавольстваў цэнзуры, якая пазбаўляе людзей магчымасці больш поўнага пазнання праўды і малюе цёмнымі фарбамі нашае сённяшняе жыццё для будучыні.

Гэта ў імя справядлівасці, не мінаючы таго, што было часамі недаспелае і спантаннае, і можа занадта крыклівае ў “Салідарнасці”, што вынікала з недахопу вопыту, а не па прычыне злой волі, неабходна ўсвядоміць і падкрэсліць тую вялікую справу, якую зрабіла ў перабудове свядомасці палякаў. Святы Айцец Ян Павел II 1 студзеня 1982 года сказаў пра “Салідарнасць” наступнае: “Гэтае слова гаворыць аб вялікім намаганні, якое здзейснілі рабочыя людзі майго роднага краю, каб забяспечыць сапраўднай годнасцю рабочага чалавека”. Поўнай несправядлівасцю з’яўляецца грамадская думка пра тое, што “Салідарнасць” заклікала толькі да забастовак, якія ўрэшце прывялі краіну да крызісу. Прымас Польшчы 6 снежня 1981 года ў сваім лісце да сейма адзначае: “Трэба канстатаваць тое, што на працягу доўгага часу працоўныя арганізацыі свету, перш за ўсё наймагутнейшая з іх “Салідарнасць”, змагаюцца са спантанна ўспыхнуўшымі забастоўкамі”. У той час біскуп Майданьскі прамаўляе да рабочых: “Варта паглядзець на іншыя краіны, дзе забастоўкі працягваюцца некалькі дзесяткаў гадоў, а краіны не лічацца беднымі. Не ў гэтым крыецца прычына крызісу”.


 

Справядлівасць замацоўвае за кожным чалавекам правы і абавязкі. Сюды ж адносіцца і права працаваць у адпаведнасці з атрыманай прафесіяй і немагчымасцю звальнення з працы за перакананні. Гаварыў пра гэта і прымас Польшчы 2 студзеня 1982 года: “Існуе адна справа, якая вельмі хвалюе Касцёл. Гэтая справа датычыцца звальнення з працы тых, хто не хоча выходзіць з прафесійнага саюза “Салідарнасць”. Менавіта супраць несправядлівасці, якая пярэчыць правам людзей, мы і выступаем…”. Гэта быў адказ ксяндза-прымаса на крыўдзячую пастанову, якую выдаў, па загадзе старшыні савета міністраў, генерал Міхаіл Янішэўскі 17 снежня 1981года. Праблема і сёння застаецца не высветленай.

Справядлівасць патрабуе, каб рабочыя людзі маглі аб’ядноўвацца ў прафесіянальныя саюзы, якія ім адпавядаюць. У энцыкліцы “Laborem Exercens” святы айцец Ян Павел II сказаў: “Прафесійныя саюзы (…) не павінны падпарадкоўвацца пастановам палітычных партый, а таксама не мець ніякіх адносін да іх. У такой сітуацыі лёгка трацяць сувязь з тым, для чаго яны на самай справе прызначаныя: забеспячэнне належнымі правамі рабочых людзей, на карысць супольнай справы, і тут жа выкарыстоўваюцца ў іншых мэтах…”. Як гэтая праблема выглядае ў нашай краіне, найлепш могуць ацаніць самі людзі.

У імя справядлівасці моладзь мае права аб’ядноўвацца ў арганізацыі, якія адпавядаюць яе светапоглядам і імкненням.

Справядлівасць дае наказ шанаваць волю большасці моладзі і супрацоўнікаў універсітэта пры выбары рэктара вышэйшай навучальнай установы. Не звальняць з гэтай пасады мудрых і высакародных людзей, якія не баяцца выказаць свае погляды і стаць у абарону правоў студэнцкай моладзі.

Справядлівасць дазваляе людзям, з пакутлівых сэрцаў якіх ужо два з паловай гады ідзе шчырая малітва, прасіць аб вызваленні ўсіх зняволеных, якія ўжо трыццаць адзін месяц знаходзяцца пад арыштам без следства і прыгавора. Наш абавязак заклікаць аб выпраўленні ўсіх крыўд, а асабліва крыўд маральных, якія былі зробленыя ў дачыненні да іх.

 

Працаўнікі праваахоўных органаў павінны памятаць, што ў імя Божай справядлівасці найважнейшым з’яўляецца чалавек, а не звод нейкіх законаў. На жаль, сёння юрыдычныя законы і правілы выкарыстоўваюцца не толькі для таго, каб знайсці праўду, але і каб замучыць чалавека. Таму вялікая бяда тым, хто пазбаўляе сябе магчымасці заставацца чалавекам і строга выконвае ўказанні, якія ідуць “зверху”. Але засталіся яшчэ людзі, якія добра ўсведамляюць справу і стараюцца кіравацца сваім сумленнем.

Гэта толькі частка праблем, якія вынікаюць з недахопу справядлівасці ў грамадскім жыцці. Кожны з вас, хто тут знаходзіцца, мог бы шмат сказаць на гэтую тэму, але сёння спынімся на тым, што было ўжо сказана мною.

Давайце задумаемся і прыслухаемся да свайго сумлення, якое пытаецца: ”Як часта ты можаш смела заступіцца за справядлівасць?”. Наколькі кожны з нас з’яўляецца справядлівым, пачынаючы з сябе, са сваёй сям’і, свайго акружэння. Бо вельмі часта нашая маральная бяздзейнасць падштурхоўвае да несправядлівасці.

Толькі памятаючы словы Езуса пра тое, што нашая справядлівасць павінна быць большая, чым у вучоных і фарысеяў (пар. Мц 5,20), можна аднесці да сябе словы блаславення, якое было выказана на Гары: “Блаславёныя тыя, хто прагне справядлівасці, бо менавіта яны будуць задаволеныя”.

Амэн.

Паводле Teksty kazań

 

Пераклад: Ганна Гэбень