Друкаваць
Swiety Walenty kim byl i dlaczego jest patronem zakochanych CIEKAWOSTKI articleКажуць, што любоў сляпая.
Верце мне, гэта абсалютная хлусня: няма нічога больш відушчага,
чым сапраўднае каханне.
Энтані дэ Мело

Дзень св. Валянціна, Дзень закаханых. Хтосьці святкуе, купляе падарункі для каханай асобы, радуе яе, хтосьці не звяртае ўвагі на гэтае свята, хтосьці крытыкуе камерцыю вакол 14 лютага, бо калі сапраўды кахаеш, то, каб парадаваць блізкага чалавека, нагода не патрэбна.

Дадатак “святы” гаворыць аб шанаванні постаці Валянціна ў хрысціянстве. Сярод тых, хто нейкім чынам адзначае дадзены дзень, напэўна не толькі веруючыя людзі. У гэтым ёсць асаблівая прыгажосць, якая пераклікаецца таксама з пачаткамі Дня закаханых.

Ёсць некалькі версій, як і некалькі св. Валянцінаў. Адна з іх гаворыць, што Дзень закаханых пачалі святкаваць у Рымскай імперыі 15 лютага ў гонар бога пладавістасці. Напярэдадні гэтага праходзіла латарэя, падчас якой хлопцы выцягвалі імёны дзяўчат. Так ствараліся пары, якія былі разам цягам наступнага дня, але маглі застацца ў рамантычных адносінах і пасля, нават на ўсё жыццё.

У 496 годзе, калі хрысціянства ўжо нейкі час было галоўнай рэлігіяй у Рымскай імперыі, папа Гелазій I устанавіў 14 лютага ўспамінам св. Валянціна. Ён быў святаром, які дапамагаў парам патаемна браць шлюб. Адкрыта нельга было гэтага рабіць з-за загаду цэзара, які лічыў, што жаўнеры не хочуць ісці ў войска, бо маюць нарачоных і жонак, а не праз непатрэбныя войны, якія вяла Рымская імперыя. Пасля раскрыцця Валянціна, яго прыгаварылі да смерці. Загінуў ён менавіта 14 лютага 269 альбо 270 года. На месцы яго магілы пабудавалі базіліку, якая, аднак, не захавалася. Рэшткі святога папа Пасхалій І (817–824) перанёс у касцёл св. Пракседы ў Рыме.

Таксама можна пачуць гісторыю біскупа Валянціна, які служыў у Тэрні (Італія). Лічыцца, што ён быў першым, хто блаславіў шлюб паміж язычнікам і хрысціянкай, а яшчэ, што сваім вернікам дасылаў лісты аб любові да Хрыста і што аздараўляў хворых, прыводзячы іх да веры. Забілі яго ў Рыме ў 273 годзе, таму што не пераставаў навяртаць язычнікаў. Яго парэшткі знаходзяцца ў святыні ў Тэрні. Надпіс на рэлікварыі ж гучыць так: “Святы Валянцін, заступнік любові”.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пералічаных выпадках гаворка ідзе аб адной і той жа асобе Валянціна. Як бы там ні было, актыўна святкаваць 14 лютага пачалі ў сярэднявеччы – у перыяд, калі было папулярна цікавіцца жыццём святых. Не абышлі ўвагай і св. Валянціна. Патронам закаханых ён быў абвешчаны ў 1496 годзе папам Аляксандрам VI.

Найбольш распаўсюдзілася свята ў Англіі і Францыі. Падчас адзначэння таксама праводзілася латарэя. Імёны ўжо цягнулі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. У Валіі ў гэты дзень можна было атрымаць драўляную лыжку з разьбой у выглядзе сэрца і ключоў з дзіркамі ад іх, што азначала: “Адкрый маё сэрца”.


sw walenty 1024x683


У Тэрні штогод адбываецца свята заручын. У нядзелю непасрэдна перад 14 лютага ў катэдру да рэліквій святога з’язджаюцца пары з усяго свету і абяцаюць адзін аднаму каханне і вернасць да дня шлюбу.

У Беларусі таскама існуе парафія св. Валянціна. Адзіны касцёл пад яго тытулам і з яго рэліквіямі знаходзіцца ў мястэчку Смалявічы Мінскай вобласці. Апекуюцца ім браты капуцыны меншыя. Штогод там таксама праходзіць урачыстае святкаванне з нагоды ўспаміну св. Валянціна.

Рэліквіі святога знаходзяцца у розных месцах свету. У гэтым, як і ў амаль сусветным характары свята закаханых можна ўбачыць прыгожы сімвалізм. Сімвалізм, які гаворыць аб тым, што менавіта такімі павінны быць любоў і каханне – яднаючымі. Яднаючымі, як Той, хто “мужчынам і жанчынай стварыў іх” (Быц 1, 27). На самым пачатку, у Раі, былі ён і яна, якія пачулі ад Бога словы: “Будзьце плоднымі і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю” (Быц 1, 28). Інакш – любіце адзін аднаго і пазнавайце свет вакол вас. Няхай 14 лютага, Дзень закаханых, будзе добрай нагодай для гэтага, нягледзячы на камерцыялізацыю.

Малітва да св. Валянціна

Святы Валянцін, апякун закаханых. Ты, які, рызыкуючы жыццём, абвяшчаў евангельскае пасланне супакою, які праз мучаніцтва, прынятае з любоўю, перамог усе сілы абыякавасці, нянавісці і смерці, выслухай нашу малітву. Перад абліччам падзелаў у свеце дапамажы нам заўсёды любіць неэгаістычнай любоўю, каб сярод людзей мы былі вернымі сведкамі любові Бога. Няхай нас ажыўляюць любоў і давер, якія дазволяць пераадольваць жыццёвыя перашкоды. Просім цябе, заступайся за нас перад Богам, які з’яўляецца крыніцай любові і ўсёй прыгажосці і які жыве ды валадарыць на вякі вечныя.

Амэн.

Паводле "Слова Жыцця", Кацярына Паўлоўская