Друкаваць

 andzejУ літургіі Касцёла св. апостала Андрэя ўспамінаем 30 лістапада.

Св. апостал Андрэй – чалавек веры і надзеі, які нават праз сваю смерць прывёў да Хрыста вялікія тлумы людзей.

Св. Андрэй у многіх атаясамліваецца з “андрэйкамі” або са шматлікімі народнымі прыказкамі, звязанымі з яго імем. Між тым, у імені св. Андрэя ўтоена нашмат глыбейшае пасланне – пасланне веры, вынікам якой у нашым жыцці павінны стаць жывыя адносіны з Езусам Хрыстом.

Андрэй быў чалавекам, які шукаў, які падзяляў надзеі Ізраіля, які хацеў зблізку пазнаць Божае слова. Ён быў сапраўды чалавекам веры і надзеі. Менавіта ён як вучань Яна Хрысціцеля адкрыў у сваім сэрцы, што Езус – Той, хто павінен быў прыйсці. Зразумеў, што Ён з’яўляецца Месіем, Баранкам Божым, на якога ўказаў Ян. “Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень” (параўн. Ян 1, 39). Андрэй вельмі хутка стаў сапраўдным апосталам Хрыста. І хоць як першы пакліканы не адыгрываў пазней галоўнай ролі ў коле апосталаў, ад пачатку выдатна ведаў, што павінен весці іншых да Хрыста. Менавіта ён прывёў да Езуса свайго брата Сымона, а потым, падчас апостальскай місіі, – вялікія тлумы людзей.


andzej


У Евангеллі і ва ўсім Новым Запавеце мы не знойдзем шмат звестак пра св. Андрэя. Вядома, што ён быў рыбаком, братам Сымона Пятра, вучнем Яна Хрысціцеля, а затым апосталам Хрыста. Андрэй знаходзіўся побач з Госпадам, калі Ён учыніў першы цуд у Кане Галілейскай, быў тым, хто перадаў Езусу просьбу Філіпа аб дазволе язычнікам таксама ўбачыць Пана.

У іканаграфіі св. апостал Андрэй прадстаўлены ў выглядзе пажылога чалавека з густымі сівымі валасамі і пышнай кароткай барадой. Яго атрыбуты: Х-падобны крыж, кніга, рыба, сетка.

Аднак значна большую, жывую памяць пра гэтага апостала захавалі традыцыя Касцёла і пазабіблейская літаратура. Паводле іх, пасля спаслання Святога Духа апостал Андрэй адправіўся ў дзікую Скіфію, размешчаную на Чорным і Каспійскім марах. Ён учыніў там шмат цудаў: аздараўляў хворых, вызваляў апантаных і ўваскрашаў мёртвых. Пасеяўшы зерне Божага слова, апостал накіраваўся ў Калхіду, Фракію і, нарэшце, дабраўся да Патраў у Грэцыі, дзе заснаваў хрысціянскую супольнасць. Яго лічаць апосталам Усходу. Для праваслаўных св. Андрэй з’яўляецца адным з найважнейшых святых, якога яшчэ называюць апосталам славян.

Пра вернасць Езусу Хрысту да канца гаворыць нам змешчанае ў апокрыфах апісанне мучаніцкай смерці Андрэя: “О святы, найдаражэйшы, жаданы крыж, забяры мяне адсюль і аддай Госпаду і Настаўніку майму, каб Ён прыняў мяне так, як збавіў мяне праз цябе; потым ён пацалаваў святы знак збаўлення і аддаў сябе ў рукі катаў”.

Паводле традыцыі, смерць першага апостала на крыжы назіралі дванаццаць тысяч чалавек. Калі ён паміраў, зверху з’явілася дзіўнае ззянне. Пасля гэтага многія людзі навярнуліся і прынялі веру ў імя Хрыста.

Папросім св. апостала Андрэя, каб ён дапамагаў нам ісці ў сваім жыцці за Езусам з гатоўнасцю гаварыць пра Яго тым, каго сустракаем на сваім шляху, і, перш за ўсё, развіваць адносіны сапраўднай блізкасці з Хрыстом. Бо толькі ў Ім мы можам знайсці канчатковы сэнс нашага жыцця і нашай смерці.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч