Друкаваць

unnamedНазіраючы сёння за маладымі людзьмі, якія збіраюцца заключыць сужэнскі саюз, можна заўважыць, што ўзрост будучых сужэнцаў відавочна памяншаецца. Гэты факт можна інтэрпрэтаваць па-рознаму: з аднаго боку, гэта сведчыць аб жаданні як мага хутчэй уступіць у шлюб перад Богам, але з іншага – аб легкадумным і безадказным падыходзе да факта шлюбу. Таксама сёння існуе тэндэнцыя, што многія маладыя людзі наогул не маюць намеру жаніцца, нават ужо выхоўваючы ўласных дзяцей, а сакраментальны шлюб адтэрміноўваюць, тлумачачы, што яшчэ не даспелі да гэтага. Дык калі трэба жаніцца? 

Адказ просты: калі асоба дастаткова сталая для шлюбу. Сталасць да сужэнства можна ўспрымаць у розных значэннях. Варта ўсвядоміць, што яна разумеецца не толькі як ідэальная мадэль, але і як гатоўнасць да змен, жаданне развівацца, каб рэалізаваць гэтую мадэль у сваім жыцці. Сталы чалавек стараецца ўмела і мудра кіраваць сабой у такім складаным працэсе развіцця. Варта таксама адзначыць, што існуе некалькі відаў сталасці:

Фізічная – здольнасць арганізма выконваць задачы, звязаныя з сужэнствам.

Палавая – здольнасць да палавога сужыцця і нараджэння патомства.

Прававая – дасягненне ўзросту, дазволенага законам для заключэння шлюбу.

Эканамічная (сацыяльная) – дасягненне матэрыяльнай незалежнасці, уладкаванне на прыбытковую працу і да т. п.

Псіхічная – здольнасць выконваць сужэнскія і бацькоўскія ролі здавальняюча для сужэнскіх і бацькоўскіх адносін.

Духоўная – цэнтральная сістэма, што кіруе жыццём чалавека, які разумее сябе і ўласнае жыццё разам з Богам.

Сужэнства разумеецца як пастаянны саюз, а таму не можа будавацца дзецьмі. Сталасць да шлюбу вызначаецца псіхічнай сталасцю, і тут няма ніякіх дзяржаўных правіл – неабходна вызначыць яе самастойна. Ёсць прыклады людзей, маладых па ўзросце, але сталых па жыцці, і наадварот – дарослых, але безадказных, якія паводзяць сябе як дзеці.

Малады чалавек павінен прайсці ўсе стадыі сталення: навучыцца пераводзіць увагу з сябе на іншых, умець суперажываць праблемам бліжніх, а таксама быць здольным актыўна і адказна дзейнічаць дзеля іх дабра. Усё гэта робіць асобу сталай да шлюбу. Акрамя таго, нельга забываць пра спецыяльную падрыхтоўку да сужэнства: дыстанцыйную (у сямейным доме), бліжэйшую (выхаваўчыя ўрокі і катэхезы) і непасрэдную (перадшлюбныя курсы, арганізаваныя Касцёлам).

У канцы пра самае важнае: гэта Бог, ствараючы мужчыну і жанчыну, учыніў так, што пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам (параўн. Мк 10, 6–8).

Паводле "Слова Жыцця", кс. Павел Салабуда