Друкаваць

praekt alszanka 1Парафія Святога Духа – адна з малодшых у Гродзенскай дыяцэзіі, але гэта не перашкаджае ёй прымаць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла на Беларусі. Дзіцячы гурт “Анёлы” займае першыя месцы на песенных конкурсах, тут ёсць моладзевая супольнасць, якая разам з вікарыем арганізоўвае розныя мерапрыемствы для сябе і парафіі, дзейнічае мужчынскі рух Святога Юзафа і адбываецца шмат іншых падзеяў.


alszanka min 7


Сёння ў гэтай супольнасці амаль 7 тысяч вернікаў, i з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Штогод да Першай святой Камуніі прыступае каля 200 дзяцей, а каля каплічкі ўжо відаць муры прыгожага касцёла, будаўніцтва якога пачалося не так даўно. Здавалася б, што можа быць лепей? Але не заўсёды тут усё было так прыгожа. Мы сустрэліся з пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Паўлам Салабудам і паразмаўлялі аб жыцці каталіцкай супольнасці ў Альшанцы.

– Калі і пры якіх умовах з’явілася парафія?

– У пачатку лета 2012 года біскуп Гродзенскі Александр Кашкевіч убачыў, што ў Гродне будуецца новы мікрараён Альшанка, і задумаўся аб утварэнні новай парафіі. Гэтага не адбылося б без дапамогі айца Юзафа Макарчыка і ўсёй супольнасці францішканаў, якія клапаціліся аб духоўным жыцці паўднёвай часткі горада. І ўжо праз месяц, у сярэдзіне лета 2012 года, пачала сваё існаванне новая парафія Гродзенскай дыяцэзіі пад тытулам Святога Духа.


ministranty olszanka 6


– Гэта Ваш першы вопыт у ролі пробашча. Памятаеце дзень, калі Вас прызначылі на новую пасаду? Што Вы адчувалі?

– Я памятаю гэты дзень вельмі добра. Быў пачатак чэрвеня, свяціла сонейка, я працаваў у рэдакцыі дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця” і жыў у дыяцэзіяльным кіраўніцтве. Да мяне падышоў біскуп Аляксандр і сказаў словы, якія я добра запомніў: “Арганізоўваецца новая парафія, у якую патрэбны пробашч. Ведаю, што не ўсё будзе ісці так хутка і добра ў Альшанцы, але, можа, паспрабуеш заняцца гэтым?”

Мне вельмі падабалася працаваць у дыяцэзіяльных СМІ, але ўсё жыццё я хацеў быць побач з людзьмі, бачыў у гэтым сваё пакліканне. Разумеў, што цяжка з нуля пабудаваць парафію ў новым мікрараёне, але ўсё роўна згадзіўся. Як мы ведаем, у Бога на ўсё свае планы, таму пачалося маё жыццё ў Альшанцы і працягваецца ўжо дзясяты год.

– У парафіі вельмі прыгожы тытул. Хто прымаў удзел у яго стварэнні і чаму выбралі менавіта Святога Духа галоўным апекуном супольнасці?

– Усе мы ведаем, калі з’яўляецца новая парафія, тытул патрэбны сам сабой, таму біскуп даручыў мне гэтую справу. Паверце, гэта нялёгкая справа. Было шмат прапановаў ад людзей, але мне здавалася, што гэта ўсё не тое. Вельмі доўга маліўся да Святога Духа і, як я часта кажу, гэтая малітва перамагла. Таму парафія з благаслаўлення біскупа Аляксандра атрымала тытул Святога Духа.

– Капліца не заўсёды была на тым месцы, дзе парафіяне збіраюцца цяпер. Ведаю, што было шмат цяжкасцяў і нічога не даецца нам лёгка. Што было цяжэйшым у першыя гады існавання парафіі?

– Людзі, якія калі-небудзь займаліся падобнымі справамі, ведаюць, што дакументы – гэта амаль што самае цяжкае. Але я хацеў бы ўспомніць тыя выпрабаванні, якія мы перажылі разам з парафіянамі і якія духоўна ўзмацнілі нас. Пасля стварэння парафіі кожны тыдзень я прыязджаў у Фабрычны раён (прыватны сектар каля новага мікрараёна Альшанка) у маленькую каплічку, якую пабудавалі людзі, каб маліцца разам. Каплічка была вельмі маленькая (3х3м2), таму святая Імша была кожную нядзелю на вуліцы. Незалежна ад надвор’я людзі прыходзілі на гэтае месца і зімой, і летам.


а 1


Вельмі добра гэта памятаю, калі восенню ці вясной яны пад дажджом стаялі ў балоце на каленях падчас малітвы. Калі былі маразы і я прапанаваў ім ісці ў іншыя парафіі, якія побач, парафіяне разам з дзецьмі ўсё роўна прыязджалі ў капліцу і казалі: “Вось тут наша парафія!”


alszanka paczatak 44


Пазней ужо мясцовыя ўлады далі магчымасць маліцца ў клубе, але тэрыторыю пад будаўніцтва касцёла не давалі. Асабліва памятаю дату 1 верасня 2014 года. У Альшанцы адчыняла дзверы новая школа, таму ў гэты дзень туды прыехаў Міхаіл Мясніковіч (тады прэм’ер-міністр Беларусі). Нашы парафіяне вырашылі пайсці ў школу, каб паразмаўляць з палітыкам і папрасіць зямлю пад будаўніцтва касцёла. Я гэта пачуў і благаславіў іх. Акрамя дзяцей з іх бацькамі, у школу 1 верасня прыйшла і пажылая жанчына Уладзіслава, якая нарвала кветак, узяла абраз Маці Божай і пайшла да Мясніковіча.


а 2


Скрозь натоўп яна дайшла да яго, падарыла яму кветкі разам з абразом і пацалавала руку, папрасіўшы аб зямлі, на якой магла б маліцца каталіцкая супольнасць у Альшанцы. І здарыўся цуд, праз некалькі месяцаў у нас былі ўжо ўсе дакументы з подпісам прэзідэнта. Такое не забываецца. Дзеля такіх момантаў варта было стаць пробашчам!

– Ужо не першы год аб парафіі ў Альшанцы чуваць па ўсёй Беларусі. Здаецца, што супольнасць мае вельмі шмат аднадумцаў, нягледзячы на свой узрост, але ці гэта на самой справе так?

– Асабліва ў першыя гады існавання парафіі лічба парафіян вельмі ўзрастала (гэта было ў перыяд з 2012 года па 2015). Звязана гэта было з будаўніцтвам новых дамоў. На дадзены момант будаўніцтва спынілася і ўжо трэці год Альшанка не мае новых жыхароў. Цяпер у мікрараёне жыве 20 тысяч людзей, у будучыні павінна быць 75 тысяч. Але нам і гэтага дастаткова. Акрамя мяне ў парафіі служаць ксёндз вікарый і сёстры ядвіжанкі, якіх у Гродзенскай дыяцэзіі больш няма.


alszanka lid


Я вельмі ўдзячны ім, бо без гэтых людзей нічога не было б. А ў лічбах усё проста: у парафіі амаль 7 тысяч парафіянаў, 160 хростаў на год і толькі 5 пахаванняў. На катэхезу кожны тыдзень прыходзяць 750 дзяцей, з якіх 470 рыхтуюцца да першай споведзі і Камуніі. Людзі кажуць, што ў Альшанцы дзве школы, а я дадаю, што ёсць яшчэ і трэцяя – каталіцкая. А наогул, дзверы нашай парафіі заўсёды адчыненыя для прыхільнікаў розных канфесій. Да нас прыходзяць не толькі католікі, але і шмат праваслаўных.

– Як вернікі ўдзельнічаюць у жыцці парафіі?

– Спецыфіка парафіі вельмі цікавая. Супольнасць складаецца з маладых сем’яў, якія прыехалі з розных парафій. Яны прыходзяць да мяне і пытаюць: “Чаму ў нас няма гэтай малітвы, як была ў касцёле ў бацькоў?”

Мяне вельмі радуе, што людзі прымаюць актыўны ўдзел. Яны прыходзяць у касцёл, яны любяць сваю парафію і робяць усё, каб супольнасць станавілася лепшай. Таму ў нас створана шмат розных парафіяльных гурткоў як для дзяцей і моладзі, так і для дарослых. Таксама ў капліцы праводзяцца розныя мерапрыемствы.

– Ведаю, што ў Альшанцы пачалося будаўніцтва касцёла. Што самае цяжкае ў гэтай справе?

– Самае цяжкае, як і ў кожнай справе, – гэта пачаць. Пачаць і быць аднаму. На кожным этапе ёсць свае выпрабаванні: то з дакументамі, то нам патрэбны цэмент, якога няма ў краіне, то шукаем добрых працаўнікоў, а яны ўсе дзесьці схаваліся, а таксама ні для каго не сакрэт, што на такую справу патрэбна яшчэ шмат грошаў.

Будаўніцтва ідзе толькі чацвёрты год, а мы ўжо паднялі сцены практычна пад дах з клінкеру, накрываем дах парафіяльнага дома, а касцёл з тых, што цяпер будуюць у Беларусі, па памерах, напэўна, самы вялікі. Адным словам, без нашага галоўнага спонсара – Духа Святога – нічога не адбылося б. Таксама дзякую парафіянам за вялікую дапамогу і дабрыню. У беларусаў вялікае сэрца, таму мы пачалі і я не самотны ў гэтай справе.


relikwii 35


– Увесь свет перажывае нялёгкія часы з-за пандэміі. Як гэты крызіс паўплываў на будаўніцтва?

– Гэтая хвароба паўплывала на ўсё наша жыццё, і будаўніцтва святыні – не выключэнне. Трэба маліцца, каб цяжкія часы скончыліся, а таксама набрацца цярпення і любові да Бога і бліжняга. Цяжэй, калі хвароба наступіць у духоўным жыцці чалавека, таму варта трываць у веры, каб ніякі крызіс не даў нам яе страціць.

– Касцёл будуецца чатыры гады, але ўжо зроблена вельмі шмат. У парафіі ёсць галоўныя спонсары будаўніцтва?

– Я ўжо казаў, што наш галоўны спонсар – гэта Дух Святы. Але я хачу падзякаваць усім парафіянам і тым людзям, якіх спаткаю, за вялікую дапамогу і падтрымку. Толькі разам мы можам пабудаваць як святыню духоўную, жывую, так і касцёл з каменя.


olszanka kanfirmacija 2


Я хацеў бы звярнуцца з просьбай да ўсіх неабыякавых і папрасіць аб дапамозе ў будаўніцтве нашага касцёла. Нам вельмі патрэбна гэтая святыня. Не толькі я, але і ўся парафія будзем удзячныя кожнай ахвяры і малітве за нашую супольнасць. Хай Святы Дух будзе заўсёды з усімі намі!

Банкаўскія рэквізіты:

Рэлігійная абшчына “Парафія Святога Духа ў г. Гродна Гродзенскай дыяцэзiі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь”

Р/рахунак: BY71MMBN30153001200109330000 у Кіраўніцтве ААТ “Банк Дабрабыт” па Гродзенскай вобласці, код MMBNBY22

УНП 500838799

Наталля Лазоўская