Друкаваць

chto-takoe-firmaУ 2000 г. пасля аб'яднання арганізацый Crown Ministries і Christian Financial Concepts з’явілася новая – Crown Financial Ministries. Звярнуўшы ўвагу на тое, што погляд людзей на сферу фінансаў істотна адрозніваецца ад таго, што аб гэтым кажа Святое Пісанне, заснавальнікі вырашылі стварыць арганізацыю, мэту якой бачаць у наступным: зрабіць так, каб вучні Хрыста ў кожным народзе верна спаўнялі Божыя наказы адносна фінансаў ва ўсіх сферах свайго жыцця.

Афіцыйна місію сваёй арганізацыі сфармулавалі так: даць магчымасць людзям ўсяго свету даведацца, выкарыстоўваць і навучаць аб Божых наказах адносна фінансаў для таго, каб людзі больш пазналі Хрыста, мелі вялікую колькасць магчымасцей служыць яму і дапамагалі спаўняць вялікі місійны наказ самога Збаўцы.

Божыя наказы, пра якія ідзе гаворка, могуць выкарыстоўвацца не толькі ў планаванні свайго ўласнага бюджэта, але павінны таксама быць фундаментам, на якім трэба будаваць бізнес. Таму Crown не толькі навучае аб прынцыпах кіравання асабістымі або сямейнымі фінансамі, але таксама распрацоўвае праграмы для тых, хто жадае сваю прафесійную дзейнасць весці згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі.

Хрысціянская фірма, паводле слоў аднаго з кіраўнікоў Crown Financial Ministries, гэта гаспдарчая арганізацыя, мэта якой – прыносіць карысць Богу і зямным уладальнікам праз заспакаенне ўласцівых патрэб чалавека, згодна з наказамі Бібліі і чалавечымі законамі.

Далей ён тлумачыць асноўныя тэрміны, каб было зразумела пра што ідзе гаворка:

Карысць, якую мы прыносім Богу, павінна быць як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай. Да першай можна залічыць, напрыклад, матэрыяльную дапамогу вернікам і духавенству, якія займаюцца евангелізацыяй, падтрымку дзейнасці касцёлаў ці хрысціянскіх арганізацый – усё тое, што дапамагае спаўняць місійны наказ Хрыста або запаведзь любові бліжняга.

Нематэрыяльная карысць, якую можна прыносіць Богу, гэта перш за ўсё хрысціянскае сведчанне, як словам, так і спосабам кіравання фірмай. Гэта сведчанне не толькі перад працаўнікамі і тымі, хто карыстаецца з паслуг, але перад ўсімі, хто якім-небудзь чынам звязаны з дзейнасцю фірмы.

Карысць для зямных уладальнікаў, гэта перш за ўсё прыбытак. Фірма можа існаваць толькі тады, калі яго прыносіць. Уласцівыя патрэбы чалавека, гэта тыя, якія не выходзяць у сферу яго грэшных схільнасцей. Хрысціянская фірма не можа зарабляць на слабасцях чалавека і яго цягі да граху.

Навука Святога Пісання павінна быць фундаментам у кіраванні хрысціянскай фірмай, што выражаецца ў сумленнай выплаце падаткаў, належнай аплаце працы, таварах ці паслугах высокай якасці. Хрысціянская фірма павінна даваць працаўнікам магчымасць духоўнага развіцця і захавання імі правільных прыярытэтаў – у такім парадку: Бог, сям’я, праца.

Паводле opoka.org.pl