Друкаваць

Кардынал Рэйнхард Маркс (Reinhard Marx) шмат гадоў выкладаў каталіцкую сацыяльную навуку ў розных нямецкіх універсітэтах. Аўтар кнігі “Капітал. Прамова ў абарону чалавека”. Папа Францішак уключыў кардынала ў склад дарадчай групы па справах кіравання Касцёлам і Рымскай Курыі.

У сваім артыкуле “Глабальная эканоміка патрабуе глабальнага ладу” іерарх разважае над сучаснай эканамічнай мадэллю свету і ролі Касцёла ў гэтым кантэксце. Вашай увазе прадстаўляем урывак тэксту, у якім кардынал апісвае залежнасць краін са слабымі эканомікамі ад багатых дзяржаў.

Я не эканаміст, а тэолаг і ксёндз. Праўду кажучы, я выкладаў ва ўніверсітэце сацыяльнае вучэнне Касцёла, але з моманту, калі я стаў біскупам і кардыналам, іншыя абавязкі зрабілі немагчымым маё назіранне за навуковай дыскусіяй, якая датычыцца гэтага пытання. Я не хацеў бы прысвойваць сабе тут права на дэманстрацыю падрабязных прапаноў, якія будуць указваць, як павінны выглядаць інстытуцыянальныя рамкі глабальнай сацыяльнай рынкавай эканомікі. Як піша ў сваёй сацыяльнай энцыкліцы Caritas in veritate Папа Бенедыкт XVI, Касцёл “не прапануе тэхнічных рашэнняў і займае як можна больш далёкую пазіцыю ад урадаў дзяржаў”.

Крызіс мінулых гадоў, з праявамі якога мы ўсё яшчэ маем справу, паказаў нам у дастаткова драматычнай сітуацыі наколькі моцная сувязь існуе паміж нашымі эканомікамі, і як цесна па гэтай прычыне мы павінны супрацоўнічаць. Крызіс на рынку нерухомасці і фінансавым рынку, якія выбухнулі ў ЗША ў 2008 годзе, сур’ёзна пахіснуў фінансавыя рынкі і эканамічную кан’юнктуру Еўропы. Бягучы крызіс, звязаны з запазычаннем некаторых еўрапейскіх краін, нясе пагрозу эканамічнаму ажыўленню, якое паступова вымалёўваецца за акіянам. Незалежна ад таго, падабаецца нам гэта ці не, ва ўмовах глабалізацыі эканамічныя праблемы ЗША з’яўляюцца таксама і праблемамі Еўропы, а праблемы Старога Кантыненту – праблемамі Амерыкі.

Аднак гэта не ўсё: разам мы нясём вялікую адказнасць таксама за ўвесь астатні свет. У нямецкіх біржавых колах распаўсюджана наступнае выказванне: “калі Злучаныя Штаты чыхаюць – астатні свет атрымлівае насмарк”. Асцярогі, якія выклікае ва ўсім свеце запазычанне часткі еўрапейскіх краін, даказваюць, што гэты слоган сёння можна аднесці таксама і да Еўразвязу, кажучы: “калі Еўразвяз чыхае – астатні свет атрымлівае насмарк”.

Гэта гучыць смешна, але да гэтай праблемы трэба ставіцца з найвышэйшай павагай. Як у ЗША, так і ў Еўропе, наступствы крызісу сур’ёзна закранулі шмат асобаў. Мільёны чалавек згубілі працу і дах над галавой, вялікая колькасць маладых людзей проста не мае магчымасці ўвайсці на рынак працы. Сітуацыя гэта складаная і балючая. Але яшчэ больш крызіс закрануў бедныя і слабаразвітыя краіны. Лёс жыхароў гэтых краін яшчэ ніколі не залежаў у такой ступені ад эканамічных поспехаў ці параз высокаразвітых краін. Вось прыклад: у 2008 годзе, за некалькі тыдняў пасля краху на біржы ў ЗША і Еўропе, у Кітаі дайшло да рэзкага спаду попыту на мабільныя тэлефоны. Яшчэ пасля некалькіх тыдняў у Афрыцы пачалі закрывацца медныя і кобальтавыя шахты, бо менавіта гэтыя матэрыялы неабходныя для вырабу мабільных тэлефонаў. У Конга было закрыта 60% такіх шахтаў і па гэтай прычыне 300 тысяч чалавек згубілі працу. Мы павінны ўсведамляць сабе гэтую ўзаемазалежнасць у сучаснай сусветнай эканоміцы. Ад наступстваў прынятых намі безадказных рашэнняў церпяць людзі ва ўсім свеце – і таксама (асаблівым чынам) самыя бедныя.

Кард. Рэйнхард Маркс

Глабальная эканоміка патрабуе глабальнага ладу (Globalna ekonomia potrzebuje globalnego ładu. Społeczna gospodarka rynkowa jako odpowiedź na wyzwania XXI wieku). Часопіс Więź. Лета 2013. Стр. 134-144

Пераклад: Вольга Пінкевіч