Друкаваць

niabiosyАд самага пачатку існавання хрысціянства розныя грамадскія групы спрабавалі так вытлумачыць навуку Езуса Хрыста, каб мець магчымасць абапіраць на ёй сваю ідэалогію. Несумненна, гэта сведчыць аб універсальнасці Святога Пісання і яго паходжанні ад Бога. Парадаксальнай была сітуацыя, калі бязбожныя ідэалогіі, такія як марксізм ці фашызм, рабілі спробы аўтарытэтам Бібліі апраўдаць свае злачынствы.

Тэалогія вызвалення, распаўсюджаная ў Паўднёвай Амерыцы, абапіралася на меркаванні, што Езус быў першым марксістам, які наказаў жыць у камуне і пазбывацца прыватнай уласнасці. Прыхільнікі вобраза “чырвонага Бога” часта абапіраліся на фрагмент Евангелля пра багатага чалавека:

«Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці». Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». (Лк 18, 18-25)

Калі не браць пад увагу ўвесь змест Евангелля, то сапраўды можна падумаць, што Езус негатыўна адносіцца да багацця і прыватнай ўласнасці. У адным з інтэрв’ю праф. М. Вайцяхоўскі патлумачыў, што ў гэтай прыпавесці крытыкуецца не валоданне ўласнасцю, а надмерная прывязаннасць да яе. Ставіць багацце вышэй за любоў да Бога з’яўляецца грахом не толькі для багатых, але і для людзей сярэдняга дастатку і малазабяспечаных. Таму абсурдальным з’яўляецца адрачэнне ад усёй маёмасці, бо тады мы б усе павінны былі стаць аскетамі, што прывяло б да знікнення цывілізацыі. Іншыя фрагменты Бібліі бачаць у багацці благаслаўленне, бо чалавек ужо ў Кнізе Быцця атрымаў зямлю ва ўласнасць. Не само багацце і рацыянальнае карыстанне ўласнасцю нішчыць асобу, а пыха і імкненне да прыбытку негледзячы ні на што. Аднак сацыяліст скажа: Добра, але калі Госпад даў зямлю ва ўласнасць усім людзям, то яна належыць не адзінкам, а калектыву!


У шматлікіх фрагментах Святога Пісання аўтар паказвае як Бог дае зямлю асобным народам, што прыводзіла да таго, што ўласнікам станавіўся галава сям’і. Напрыклад, Ханаан, які Бог перадаў Ізраэлю, быў падзелены паміж асобнымі кланамі. Першыя хрысціяне таксама жылі супольна не па эканамічных прычынах, а рэлігійных. Манахі і сёння жывуць у своеасаблівай камуне, аднак усё што вырабляюць, прадаюць на вольным рынку. Багаты чалавек, які пакланяецца мамоне, а не Богу, становіцца грэшнікам не па эканамічных прычынах, а рэлігійных. Такі чалавек становіцца язычнікам, які аддае пашану залатому цяльцу.

“Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.” (Мц 6, 19)

Сам Езус жуў бедна не таму што дрэнна адносіўся да ўласнасці, але з-за прыніжэння, якое Ён дабравольна прыняў. Калі б не было багатых людзей, то хто б выконваў наказ Езуса аб міласціне. Хрыстос не абыходзіў здалёк прадпрымальнікаў. Нават быў крытыкаваны за тое, што шмат часу праводзіць з імі.

“Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, і кажуць: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і рэшнікаў!” (Мц 11, 19)

Духовая беднасць багатых людзей часта прадстаўляецца як падстава антыкапіталізму, бо яны не могуць добра выкарыстаць Божы дар, якім з’яўляецца ўраджай зямлі. Марксісты часта спасылаюцца на фрагмент:

“Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу (Дз 2,44-45).

Аднак ужо св. Тамаш Аквінскі, як і св. Аўгусцін, адкінулі меркаванне, што багатыя не ўвойдуць у Нябеснае Валадарства. Св. Тамаш напісаў: “Памылковым з’яўляецца сцверджанне, што не можна чалавеку мець уласнасці”. Галоўным аргументам супраць бачання Езуса сацыялістам з’яўляецца змест прыказанняў – “Не крадзі” і “Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму”. У “ідэальным” паводле марксістаў грамадстве немагчыма чагосці украсць, калі і так усё супольнае.

Паводле opoka.org.pl