Друкаваць

Нясіце любоў і даброСправядлівасць вынікае з закону, які – калі ён заснаваны на павазе да чалавечай годнасці – уводзіць парадак у грамадстве.

1 Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. 2 Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. 3 Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, 4 cказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. 5 Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. 6 Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” 7 Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”. 8 Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. 9 I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 10 Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. 11 Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, 12 кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку”. 13 У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? 14 Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. 15 Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?” 16 Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі». (Мц. 20,1-16).

Евангелле закранае дзве праблемы: справядлівасць і дабро. Яны ўвесь час жывыя ў нас. Так было заўсёды. Вобраз вінаградніка (Божае Валадарства), уладальніка(Бога), менеджэра (Езуса Хрыста) і наёмных работнікаў (нас) ясны. У апісанай Езусам сітуацыі дзеянні даходзяць да канкрэтнага канфлікту. Розны час працы і тая самая аплата для ўсіх. Расчараванне тых, хто быў заняты раней, здаецца апраўданым. Працавалі цэлы дзень, а іх патрактавалі гэтак жа, як тых, хто працаваў толькі адну гадзіну. Іх пачуццё справядлівасці патрабавала настойваць на змене ў дамове, заключанай у самым пачатку. Магчыма, зайздроснымі вачыма глядзелі не толькі на гаспадара вінаградніка, але і на тых, хто апошнім далучыўся да гэтай працы і атрымаў такую ж аплату. Яны не заўважылі, што увогуле не павінны былі быць нанятыя на працу, не павінны былі шукаць, таму што гаспадар вінаградніка сам знайшоў іх, прапаноўваючы працу. У часы Хрыста дынарый быў дастатковай аплатай за цэлы дзень працы наёмнага работніка. Наёмнага – гэта значыць такога, які кожны дзень знаходзіўся на працы любога працадаўцы. Тыя, хто працаваў даўжэй, параўноўваліся з іншымі, не паказваючы задавальненне і радасці з таго, што ўвогуле атрымалі працу і справядлівую аплату, якая дазваляла ім годна пражыць дзень. Сёння для нас гэты дынар – гэта тыя ласкі, якія мы атрымліваем па волі ўладальніка вінаградніку – Пана Бога.

Ці я задаволены(а) з таго, што ў мяне ёсць? Ці часам не параўноўваю сябе з іншымі, зайздросцячы тым дарам, якія яны маюць?

Справядлівасць выцякае з права, якое – калі яно заснавана на павазе да чалавечай годнасці – уводзіць парадак у чалавечае грамадства. З яе таксама выцякае права атрымліваць справядлівую аплату за сваю працу. Яго выкарысталі тыя, хто працаваў у вінаградніку ў першую чаргу. Без справядлівасці пачынаецца эксплуатацыя і разуменне чалавека як рабочага інструмента, які выкарыстоўваецца для памнажэння багацця моцных гэтага свету. Уладальнік з згаданай прытчы чалавек справядлівы. Тым не менш, гэта не перашкодзіла яму таксама быць добрым. Бачачы патрэбы чалавека, клапоцячыся аб жыцці іншых людзей, аб іх жыцці, ён дае аплату таксама і тым, хто працаваў толькі адну гадзіну. Ён мае адкрытае сэрца – ён шчодры і вялікадушны. Ен не абмяжоўваецца звычайным, чэрствым разлікам "што каму належыць". Менавіта такім з’яўляецца Бог. Ён любіць аднолькава як тых, хто верна Яму служыць і знаходзіцца пры Ім, так і тых, хто сустракае Яго позна, у апошні момант свайго жыцця.

Часта мы судзім Яго, маем прэтэнзіі, што занадта добры і міласэрны. Мы кажам, што любім Яго, але адначасова горшымся Яго дабрынёй. І таму мы не ўмеем дараваць, па-ранейшаму патрабуючы справядлівасці, таму судзім іншых і Яго самога, што не Ён з’яўляецца мерай нашых паводзінаў, а толькі мы самыя – з нашай маладушнасцю, дробязнасцю, легалізмам. З упэўненасцю, Марыя – Беззаганная, без граху, уся святая, праз усё жыццё прысвечаная Богу – не згоршылася з-за факту навяртання злодзея, які вісеў на крыжы побач з Езусам і які па дабрыні Яе Сына атрымаў абяцанне неба. Яе мера перайшла мяжу чалавечай справядлівасці. Памятаем, што нішто нам не належыць. Мы жывем, радуемся рознымі дарамі Божымі толькі таму, што Ён добры. Забыўшыся, што мы грэшнікі, якім даравана, што ні адзіны з нас не з'яўляецца справядлівым перад Богам, судзім судом, які можа мець для нас трагічныя наступствы. Няхай мерай нашых думак, слоў і справаў будзе любоў і дабрыня Бога.

Ці мая справядлівасць не з’яўляецца занадта “юрыдычна”, жорсткая, ці не засланяе дабрыні? У якіх канкрэтных сітуацыях майго жыцця я павінен працаваць над тым, каб мая дабрыня ўзвысілася над справядлівасцю?

Наша пачуццё справядлівасці вельмі адрозніваецца ад правасуддзя Божага. Ён глядзіць на нас іншымі вачыма. Ён ведае, што нам трэба, шчодра адорвае нас сваімі дарамі, якія мы не заслугоўваем альбо самастойна не маглі б іх запрацаваць. Шмат хто з нас у Касцёле з самага нараджэння, імкнецца жыць у адпаведнасці з Евангеллем. Мы часта забываем, аднак, што наша існаванне, падарункі, якія ў нас ёсць, Бог даў нам як дар, “бясплатна”. Нам здаецца, што мы павінны заслужыць любоў Бога, забываючы, што нашы дзеянні павінны быць радасным адказам на тое, што Бог прапануе нам, што для нас прадказаў. Мы адчуваем сябе лепшымі ад тых, хто жыве каля нас і не пачуў Добрай Навіны, якіх "ніхто не запрасіў", або хто не ведае, як змагацца са сваім уласным бяссіллем. Нечакана тое, што мы атрымалі ў падарунак, прымаем як тое, што мы павінны былі атрымаць. Мы адчуваем сябе лепшымі, мудрэйшымі, больш высокімі ад іншых. Забыўшыся пра ўдзячнасць і падзяку за міласці, мы часта займаем першае месца, у глыбіні сэрца пагарджаючы тымі "горшымі". Святарства, шлюб, выхаванне дзяцей, такія ці іншыя навыкі, інтэлект, спрыт – усё гэта падарунак, які мы атрымалі без нейкай заслугі, таму што Бог так хацеў, калі прызначаў нам месца ў свеце і Касцёле. Удзячнасць, падзяка Богу адкрывае сэрца, лечыць ад гонару і перавагі над іншымі, даючы ўнутраную свабоду.

Ці я ўдзячны Богу за міласці, якія я атрымліваю кожны дзень? Як я гэта выражаю?

Кс. Яўген Зажэчны, MIC

Крыніца ekonomia.opoka.org.pl