Skip to main content

Экуменічнае набажэнства ў катэдры

Экуменічнае набажэнства з прадстаўнікамі розных канфесій адбылося 27 студзеня ў гродзенскай катэдры. На супольным набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкага Касцёла, праваслаўнай і лютэранскай Цэркваў.

Экуменічнае набажэнства ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Яго Эксцэленцыя звярнуўся да ўсіх з прывітальным словам, у якім заахвочваў вернікаў да супольнай малітвы.

Кс. біскуп на пачатку набажэнства заспяваў калекту – малітву, у якой вернікі выказвалі ўсе свае пажаданні, самае галоўнае з якіх – жаданне адзінства ўсіх хрысціянаў.

Пасля распачалася літургія слова, падчас якой чыталася чытанне з Кнігі прарока Міхея. Словы з гэтага чытання закранулі ў сваіх разважаннях ксёнз біскуп Аляксандр Кашкевіч, а таксама а. Андрэй Крот.

Пасля чытання ўрыўка з Евангелля паводле Лукі свае пастырскія словы скіравалі да вернікаў прадстаўнікі розных Цэркваў.

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Хомбак звярнуўся да прысутных вернікаў з наступнымі словамі:

- Дарагія браты і сёстры, хацелася б памаліцца пра тое, каб Госпад даў нам радасць і сілы знаходзіць тых, хто мае патрэбу ў нашых хрысціянскіх дарах, каб з радасцю і адзінствам мы прабывалі ў любові Госпада нашага Езуса Хрыста.

Пастар Рэлігійна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў падзякаваў каталіцкаму Касцёлу ў асобе ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча за магчымасць сабрацца разам прадстаўнікам традыцыйных хрысціянскіх канфесій, каб памаліцца ў адзінстве:

- Молімся сёння разам як адна вялікая сям’я. Бо мы сапраўды з’яўляемся братамі і сёстрамі ў Хрысце праз святы сакрамант Хросту. Як і ў кожнай сям’і не бывае ўсё гладка, так і сёння сярод нас, хрысціянскіх канфесій, існуюць дагматычныя разыходжанні. Аднак мы, хрысціянскія Цэрквы, сёння спрабуем шукаць шляхі іх вырашэння.

Пастар Уладзімір заклікаў разам супрацьстаяць граху ў розных яго праявах у гэтым свеце, разам дапамагаць людзям у патрэбе, "няхай Бог дапаможа ўсім хрысціянам шукаць і знайсці тое, што нас яднае, а не раз’ядноўвае".

Душпастар парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот звярнуў увагу на словы з Кнігі прарока Міхея:

- Мяне ўразілі словы, якія з’яўляюцца тэмай нашай сённяшняй малітвы – словы з Кнігі прарока Міхея: “Чаго ад нас патрабуе Пан?” Я сапраўды задумаўся, чаго чакае Пан ад нас, каб мы аб’ядналіся – можа, не сёння ці заўтра, але каб хаця наблізіліся на адзін крок да таго дня, калі ўсе хрысціяне будуць адной Царквой, калі не будзе згаршэння, якое выклікаюць сярод няверуючых нашыя падзелы. Пан сёння ад нас патрабуе і адвагі. Мы павінны адважна пачаць дзейнічаць у гэтым кірунку, на шляху дасягнення еднасці паміж хрысціянамі. І мы не павінны баяцца цяжкіх пытанняў, якія нас падзяляюць.

Напрыканцы з пастарскім словам да прысутных звярнуўся ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч:

- Час сумеснай малітвы аб еднасці хрысціянаў – гэта час, калі мы можам задумацца над тым, як сёння прыкладаць сумесныя намаганні, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння, было сілай супраць сучаснага граху і духоўнага раўнадушша, якія нішчаць сучасны свет. Вельмі радуюся вашай прысутнасці і заклікаю да пошуку канкрэтнай еднасці між намі праз разважанне Божага слова, якое з’яўляецца пасланнем Бога да нас. Сёлета дэвізам малітваў з’яўляюцца словы св. Пісання з Кнігі прарока Міхея “Чаго патрабуеш ад нас, Пане?” Словы са Старога Запавету выбраны невыпадкова, а з мэтай, каб мы сумесна шукалі адказаў на пытанні: які шлях суіснавання з’яўляецца найлепшым для ўсіх хрысціянаў? Што сёння павінна нас падмацоўваць? Як супрацьстаяць сучасным выклікам граху і варожасці да хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Таксама кс. бп Аляксандр прыгадаў асобу прарока Міхея і яго евангельскую гісторыю.

Пасля малітвы праслаўлення ўсе прысутныя звярталіся да Бога Айца ў супольнай малітве “Ойча наш”. Пасля знаку супакою адбыўся абрад святла: ксёндз біскуп запаліў ад Пасхалу свечкі і перадаў іх святло кожнаму прадстаўніку Цэркваў.

На заканчэнне набажэнства Яго Эксцэленцыя ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.