Skip to main content

У Гродне памаліліся за ксяндза інфулата Міхала Арановіча ў 35-ю гадавіну смерці

2026 09 01 100000352330 жніўня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа адбылася Імша ў 35-ю гадавіну з часу смерці кс. інфулата Міхала Арановіча.

Ксёндз Міхал служыў у Гродне больш за 40 гадоў, працяглы час быў пробашчам парафіі Адшукання Святога Крыжа. У савецкія часы некалькі гадоў быў адзіным каталіцкім святаром у Гродне.

Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, сярод удзельнікаў цэлебрацыі быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі шматлікія вернікі гродзенскіх парафій, якія былі знаёмыя з ксяндзом Міхалам, духавенства, кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі.

Пробашч парафіі кс. канонік Ян Пузына, вітаючы прысутных, сказаў, што тое, што іх сабралося так шмат, выражае “трывалую малітоўную памяць гродзенскіх католікаў пра таго, хто ў нялёгкі для Касцёла перыяд большую частку ўсяго часу свайго святарскага служэння аддаў гораду над Нёманам”.

Гамілію арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог прысутнічаць на Імшы па прычыне хваробы і нядаўняй аперацыі, прачытаў яго сакратар кс. Павел Эйсмант.

2026 09 01 1000003492

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што ксёндз Міхал нарадзіўся ў 1907 г. на тэрыторыі сённяшняй Драгічынскай дыяцэзіі ў Польшчы, пасля школы хацеў стаць урачом, але паступіў у семінарыю ў Вільні пад уплывам слоў з Кнігі Эклезіяста, прачытаных на адной з магіл на віленскіх могілках: “Марнасць марнасцяў і ўсё марнасць, акрамя любові да Бога і служэння Яму адзінаму. Вось найвышэйшая мудрасць – імкнуцца да Божага Валадарства, пагарджаючы светам”.

Арцыбіскуп адзначыў, што ў 40-я гады ксёндз Міхал з вялікім жалем перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт з канфіскаванага ўладамі касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў касцёл Адшукання Святога Крыжа, куды быў прызначаны вікарыем. Калі ў 1951 г. ён быў арыштаваны і накіраваны ў Кемераўскую вобласць РСФСР, даў Богу абяцанне, што, калі выжыве, будзе захоўваць пост па серадах, пятніцах і суботах. Арцыбіскуп сказаў, што пра выкананне ім гэтага абяцання сведчыць сам.

У 1954 г. ксёндз Міхал вярнуўся ў Гродна, да смерці быў пробашчам парафіі Адшукання Святога Крыжа і генеральным вікарыем Віленскай архідыяцэзіі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Яму было дазволена некалькі разоў у год цэлебраваць Імшу ў Фарным касцёле (сёння гродзенская катэдра св. Францішка Ксаверыя), дзе не было святара, з 1975 па 1978 гг. ён быў адзіным святаром у Гродне.

2026 09 01 1000003497

Арцыбіскуп дадаў, што ксяндза Міхала глыбока хвалявала тое, што святароў станавілася ўсё менш. Іерарх распавёў, што гэты святар ведаў яго, калі будучы арцыбіскуп быў інжынерам, і аднойчы запытаўся, ці не хоча ён паступіць у семінарыю. Арцыбіскуп узгадаў, што праз шмат гадоў, ужо будучы святаром, прыехаў у Гродна для ўдзелу ў складзе прыёмнай камісіі ў семінарыі, якая толькі што адкрылася тады, і ўбачыў, што ксёндз Міхал плача. Плакаў ён ад радасці пасля таго, як убачыў абітурыентаў, якія прыйшлі паступаць у семінарыю: гэта супакоіла яго, бо ён баяўся, што пасля яго смерці ў мясцовых парафіях не будзе святароў.

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што за адданае служэнне ксяндза Міхала Богу і Касцёлу ў нялёгкія часы Папа Ян Павел ІІ узнагародзіў яго тытуламі папскага прэлата і інфулата.

Па словах арцыбіскупа, ксёндз Міхал “быў нязломным змагаром за веру і правы вернікаў”, “дзякуючы актыўнай і вернай працы стаў сімвалам веры і яе святла ў цемры атэізму”. У малітве іерарх папрасіў аб радасці вечнага жыцця для гэтага “руплівага і заслужанага святара”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Catholic.by